Skip to main content

Зарачанскія вернікі падзякавалі свайму пробашчу за служэнне ў парафіі

zaraczanka p 313 жніўня вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) дзякавалі за больш чым трохгадовае служэнне ў парафіі свайму пробашчу кс. Віктару Мыслюку.

Дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча кс. Мыслюк вызвалены ад абавязкаў пробашча гэтай парафіі і прызначаны пробашчам парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў кс. Віктар Мыслюк, які дзякаваў за 3 гады і 5 месяцаў пастырскага служэння ў гэтай парафіі. Сваімі малітвамі святар ахапіў усіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць у Зарачанцы.

Ксёндз Мыслюк падзякаваў усім парафіянам, якім служыў з вялікай адданасцю, падзякаваў за супольны шлях да Хрыста і супольны клопат аб парафіяльнай святыні.

zaraczanka p 7

Шмат добрых слоў было ў гэты дзень выказана святару, які накіроўваецца ў іншую парафію. Вернікі дзякавалі найперш за абвяшчэнне Божага слова і ўдзеленыя сакрамэнты, таксама дзякавалі за глыбокую ўключанасць кс. Віктара ў справы парафіі.

Асаблівым чынам яны выказалі ўдзячнасць за аднаўленне святыні і парафіяльнага дома, а таксама за распаўсюджванне культу Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы. Па ініцыятыве кс. Віктара Мыслюка кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік у парафіі адбываліся фацімскія набажэнствы, спалучаныя са святой Імшой, і працэсія. У 100-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме святаром быў пакладзены пачатак перэгрынацыі фацімскай фігуры па дамах парафіян.

Развітваючыся з вернікамі Зарачанкі, кс. Віктар Мыслюк абяцаў памятаць пра ўсіх сваіх былых парафіян у малітвах, бо, як сказаў святар, гэта найлепшы доказ удзячнасці за ўсялякае дабро, якое ён спазнаў ад іх падчас свайго прабывання ў парафіі.

Кс. Юрый Марціновіч