Skip to main content

У Тракелях прайшоў другі дзень дыяцэзіяльнай сустрэчы міністрантаў

trakeli m 12Другі дзень сустрэчы міністрантаў Гродзенскай дыяцэзіі, 12 жніўня, праходзіў у Тракелях, каля цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай, куды кожны год тысячы пілігрымаў прыходзяць, каб да ног Марыі прынесці свае інтэнцыі.

Дзень пачаўся з катэхез, якія праводзілі семінарысты і святары. Падзяліўшыся на групы, хлопцы абмяркоўвалі тэмы, якія былі звязаны з пакліканнем, распазнаннем свайго жыццёвага шляху, Паннай Марыяй і Яе аб'яўленнямі дзецям. Святары і семінарысты ў сваю чаргу дзяліліся вопытам з міністрантамі, задавалі пытанні, адкрывалі сапраўдную Праўду, якой з'яўляецца Пан. Пасля, сабраўшыся разам, міністранты дзяліліся высновамі, якія былі зроблены ў групах.

Таксама ў хлопцаў была магчымасць прадставіць свае парафіі, гарады і вёскі. Яны распавядалі пра тое, як развіваецца ў іх супольнасць міністрантаў, што яны робяць, што самае галоўнае ў міністранцкім служэнні, чым жывуць іх парафіі.

Важнай часткай дня была святая Імша, якую ўзначальваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У сваіх разважаннях іерарх прасіў сабраных маліцца і дзякаваць Богу за бацькоў, за тое, што выгадавалі нас і прывялі да веры. Акрамя таго, біскуп адзначыў, што міністранты з'яўляюцца важнай часткай літургіі, бо яны памочнікі і служачыя Богу. Іерарх заклікаў усіх хлопцаў быць міністрантамі не толькі ў Касцёле, але і свяціць гэтым агнём па-за ім.

trakeli m 7

Пасля Імшы ўдзельнікаў чакаў смачны абед, прыгатаваны вернікамі парафіі. Хлопцы мелі магчымасць крыху адпачыць і падсілкавацца перад насычанай часткай дня.

Потым адбылася канферэнцыя, якую правёў кс. Валерый Быкоўскі, а пазней дыялог з біскупам Юзафам Станеўскім, дзе міністранты задавалі пытанні, гутарылі на розныя тэмы. Яны з задавальненнем слухалі тое, што распавядаў біскуп, а таксама дзяліліся сваімі думкамі з ім.

Вяночак да Божай Міласэрнасці хлопцы разам са святарамі правялі ў Касцёле, каля Маці Божай, просячы ў Яе сіл, мужнасці і трывання.

Акрамя малітвы, міністрантаў чакала мноства конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, гульня ў тэніс і футбол, шашкі, конкурс ведаў літургіі. Усе яны выдатна паказалі сябе і свае магчымасці. Тут панаваў дух суперніцтва, але ў той жа час кожны мог адчуць адзінства і сілу маладых і энергічных юнакоў.

Сюрпрызам для ўдзельнікаў сустрэчы быў прыезд пажарнай машыны і работнікаў службы МНС. Міністрантам, як хлопчыкам, было вельмі цікава паглядзець, як працуюць пажарныя, як трэба правільна карыстацца абсталяваннем пажарнай машыны. Таскама яны самі маглі надзець шлем пажарніка і пахадзіць у спецыяльных гумовых ботах. Не абышлося і без аблівання з пажарнага шланга, што было сапраўды выратаваннем у спякотнае надвор'е.

trakeli m 21

Кульмінацыяй гэтага дня быў канцэрт семінарыйнай групы «AVE». Усе хлопцы з нецярпеннем чакалі яе прыезду. Тут яны маглі патанчыць, паўдзельнічаць у конкурсах, пагутарыць і проста весела правесці час.

Пасля насычанага і цяжкага дня ўдзельнікі, як адна вялікая сям'я, малілiся і дзякавалi Богу за перажыты дзень, за Яго дабрыню і любоў да кожнага чалавека.

Затым міністранты скіраваліся назад у Ліду, у сем'і, дзе іх прымалі вернікі парафіі, каб заўтра, адпачыўшымі і бадзёрымі, сустрэць новы дзень.

Вікторыя Бурч