5-6 жніўня адбыліся штогадовыя адпустовыя ўрачыстасці ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Пана Езуса Журботнага ў Росі (Ваўкавыскі дэканат).
На ўрачыстасцях сабралося шмат вернікаў з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Прыбылі пешыя пілігрымкі з Гродна, Ваўкавыска і Мастоў. Таксама ўпершыню прыехалі пілігрымы на роварах з Вярэек і Індуры.
Усю ноч працягвалася чуванне перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Гэта быў час на малітву і размову з Езусам, час адкрыцця свайго сэрца на Пана. Сёлета асаблівым чынам маліліся аб дары новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і ў інтэнцыі сем’яў, каб яны былі школай веры.
Гэта была магчымасць угледзецца ў Езуса Хрыста церпячага, прыніжанага, перажываючага смутак самоты, горыч здрады і трывогу набліжэння мукі і смерці крыжовай.
Падчас чування было нагадана пасланне Маці Божай з Фацімы, скіраванае сто гадоў таму ў Партугаліі. Начное чуванне скончылася ружанцовай малітвай перад фігурай Марыі Каралевы Супакою, якая змешчана ля санктуарыя. Там усе ўдзельнікі ўрачыстасцяў даручылі сябе, сваіх блізкіх і Касцёл на Гродзеншчыне мацярынскай апецы Прыгожай Пані.
Вянцом урачыстасцяў была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку іерарх выказаў радасць, што санктуарый у Росі набывае новыя маштабы і з кожным годам сюды прыбывае ўсё больш пілігрымаў.
У гаміліі біскуп узгадаў пра свята Перамянення Пана, якое адзначалася ў гэты дзень, а таксама заклікаў адкрыць у сваім жыцці таямніцу крыжа. Іерарх адзначыў, што трэба нанова падняць свой штодзённы крыж, які дапамагае несці сам Хрыстус, аб’яўляючы Сваё боства, гэта значыць Сваю бясконцую любоў, і такім чынам дадаючы надзеі.
“Як жа моцна нам патрэбна гэтае Хрыстовае, боскае ўмацаванне! Без яго мы не былі б здольныя несці наш крыж. Без Божай любові ў сэрцы церпячага чалавека нараджаецца бунт, горыч, знікненне ахвоты, адмаўленне і жаданне ўцячы”, – дадаў біскуп.
Па словах гродзенскага ардынарыя, толькі тады, калі чалавек у сваім жыцці адкрые Божую любоў, яго жыццё становіцца цалкам іншым.
“Калі мы адкрываем таямніцу Божай любові, нават найбольшыя цярпенні становяцца зноснымі, бо чалавек пачынае бачыць іх з перспектывы збаўлення і будучай хвалы. Нават калі ён не ведае, для чаго пакутуе, для Каго гэта робіць”, – патлумачыў іерарх.
Звяртаючыся да Езуса Журботнага, біскуп прасіў дапамагаць кожнаму, а асабліва тым, каго найбольш закранула цярпенне фізічнае або духоўнае, адкрыць у сваім жыцці таямніцу крыжа.
“Дапамажы нам перамагчы страх перад крыжам. Навучы нас бачыць у крыжы абяцанне збаўлення і прадказанне будучай хвалы”, – сказаў іерарх.
Урачыстасці завяршыліся, пілігрымы вярнуліся дадому. Санктуарый працягвае жыць у сваім звычайным рытме. Але ўжо сёння варта ўзгадаць, што праз год у ім адбудуцца юбілейныя ўрачыстасці 400-годдзя з часоў цуду, які занатаваны ў “Кнізе ласкаў”, што захоўваецца ў парафіяльным доме.
У 1618 г. у старым драўляным маленькім касцёле, які стаяў яшчэ ў парку перад палацам, святар адпраўляў Рараты. Навобмацак увайшла жанчына, якая шмат гадоў была сляпой, і, дакрануўшыся да кагосьці ў змрочным бабінцы, шапнула, што хоча пайсці да споведзі. Нейкі чалавек з вялікім пачуццём гумару падштурхнуў жанчыну да фігуры Езуса Журботнага, якая тады стаяла ў бабінцы, і сказаў, каб жанчына спавядалася ёй. Тая пачала спавядацца, а ў людзей, сапраўды абураных гэтым учынкам, пачалі блукаць усмешкі на тварах. Раптам яны скамянелі. Статуя ўзняла руку і благаславіла жанчыну, а тая адначасова атрымала зрок.
Хвіліну яна стаяла ашаломленая, а затым без правадыра рушыла да алтара, дзе святар удзяляў Камунію. Гэты факт цудоўнага аздараўлення быў пацверджаны сведкамі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Максіма Хаванскага