Skip to main content

У Вялікай Бераставіцы адзначылі ўрачыстасць Перамянення Пана

berestowica 1

5–6 жніўня ў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы прайшоў адпуст у гонар урачыстасці Перамянення Пана. Удзел у святочных мерапрыемствах прыняў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Пачаліся парафіяльныя мерапрыемствы 5 жніўня на мясцовых могілках, дзе вернікі разам з пробашчам а. Вальдэмарам Слотам і біскупам Юзафам Станеўскім памаліліся на месцы будучай капліцы, фундамент якой ужо ўзведзены, а таксама  атулілі сваімі малітвамі душы  памерлых продкаў, якія спачываюць у гэтым святым месцы.

Далей усіх чакаў святочны канцэрт у амфітэатры гарадскога пасёлка, падрыхтаваны дзецьмі і моладдзю парафіі, на які сабралася шмат жыхароў і гасцей Вялікай Бераставіцы.  З вялікім захапленнем усе прысутныя слухалі выступленне самых маленькіх вернікаў парафіі, а таксама моладзевага гурта “Гук Хвалы”. Канцэрт  стаў сапраўдным часам хвалы Пану Богу і падзякі за Яго прысутнасць у нашым жыцці.

berestowica 2"Я проста  ў захапленні ад канцэрта, – падзяліўся са мной  сваімі ўражаннямі біскуп Юзаф Станеўскі. – Гэта цудоўна, калі столькі людзей разам славяць Бога, як бы адным сэрцам, аднымі вуснамі. Гэта прыдае ўсім радасці і бадзёрасці. Добра, што такія вечары ладзяцца ў нашых парафіях, бо гэта дае магчымасць кожнаму  выказаць сваю веру і  падзяліцца ёй з іншымі".

berestowica 3Вечарам парафіяне адправіліся на св. Імшу-пастэрку, перад якой усіх чакала яшчэ Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і споведзь, якая, дарэчы, працягнулася і пасля заканчэння св. Імшы, ператварыўшыся ў сапраўдную ноч канфесіяналаў.

У нядзелю 6 жніўня, непасрэдна ў дзень самой урачыстасці Перамянення Пана, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі таксама ўзначаліў урачыстую св. Імшу. У гаміліі ён пажадаў вернікам Вялікай Бераставіцы, каб яны, за прыкладам Езуса Хрыста, пастаянна перамянялі сябе, сваё жыццё, свае сэрцы і імкнуліся да святасці.  

berestowica 4Пасля  заканчэння Імшы біскуп асвяціў аўтамабілі вернікаў парафіі.

Ірына Міклаш

Крыніца: "Бераставіцкая газета"