Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай прайшла ў парафіі Ліда-Індустрыяльны

lidaind lid1

27 і 28 ліпеня сталі ўрачыстымі днямі  для парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны ў Лідзе. У гэтыя дні вернікі сустракалі тут вялікую Госцю – Маці Божую Фацімскую.

Да ўрачыстасці парафіяне рыхтаваліся загаддзя: праводзілі малітоўныя разважанні, а таксама прадумвалі ўпрыгожванне святыні кветкамі. Нягледзячы на разгар працоўнага тыдня вечарам 27 ліпеня ля парафіяльнай святыні сабралася вялікая колькасць вернікаў на чале са сваім пробашчам кс. Андрэем Агелем, каб прывітаць фігуру фацімскай Панны.

lidaind lid2Са словамі малітвы да Нябеснай Заступніцы звярнуўся пробашч парафіі кс. Андрэй, сем’і, дзеці і моладзь парафіі. Цэнтральным момантам перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай стала вячэрняя св. Імша, якую цэлебравалі пробашч парафіі і кс. Павел Салабуда, які падчас гаміліі разважаў над аб’яўленнямі Божай Маці ў Фаціме і таямніцамі, якія Марыя адкрыла тром пастушкам. Святар звярнуў увагу на заклік Марыі да навяртання і малітвы на ружанцы.

Пасля св. Імшы распачалося малітоўнае чуванне. Вернікі прасілі аб заступніцве Божай Маці над усёй парафіяй. Кожны таксама меў магчымасць індывідуальна ўшанаваць Найсвяцейшую Панну, скіраваць да Яе свае падзякі і просьбы.

lidaind lid3Урачыстасць скончылася св. Імшой 28 ліпеня, на якой кс. Павел працягнуў разважанні над таямніцамі, якія Маці Божая адкрыла дзецям у сваіх аб’яўленнях у Фаціме 100 гадоў таму. Ён падкрэсліў вялікую любоў Марыі да сваіх зямных дзяцей.

Напрыканцы літургіі пробашч парафіі кс. Андрэй выказаў словы падзякі ўсім вернікам за прысутнасць на ўрачыстасці,  а кс. Паўлу – за супольную малітву і Божае слова.

У далейшы шлях Марыя накіравалася ў суправаджэнні пробашча кс. Андрэя ў парафію Божай Міласэрнасці (Ліда-Маладзёжны).

Тэкст: Марына Габіс

Фота: Маргарыта Снапко