Skip to main content

Мець план на кожны дзень: як праходзілі канікулы ў шчучынскай моладзі

szczuczyn 2

З 31 ліпеня па 6 жніўня моладзь са Шчучына перажывала незвычайны летні адпачынак, імкнучыся жыць так, як гэта рабіў Настаўнік. Добрае надвор’е, смачная ежа, ранішнія жарты падтрымлівалі цудоўны настрой і дапамагалі суцішыцца, каб пачуць словы Хрыста.

szczuczyn 1Нас вучылі простай рэчы: мы павінны быць сапраўднымі вучнямі свайго Настаўніка. Жыццё – гэта бег за Езусам, гэта стратэгія, якая ўвасабляе асноўную мэту: быць побач з Богам. Неабходна памятаць, што мэта з’яўляецца рухавіком, які будзе падымаць нас нават ноччу і прымушаць ісці ў дарогу, нягледзячы на перашкоды.

szczuczyn 3Кожны дзень распачынаўся св. Імшой. Падчас літургіі мы разважалі над Евангеллем, гаварылі з Езусам і прымалі Яго ў сэрцы. Словы Хрыста напаўнялі нас міласэрнасцю... Як у псальме: "напоўні раніцаю нас сваёй міласэрнасцю, а мы будзем цешыцца і весяліцца ва ўсе дні нашыя" (Пс 90 (89): 14). Нешта падобнае адбывалася і з намі.

Важным момантам дня была супольная малітва, якая дапамагала ўзрастаць духоўна.

szczuczyn 4Не забывалі і пра сваіх родных і сяброў. Узгадаем словы са Святога Пісання: "Няма большай любові, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх" (Ян 15, 13). Таму ў вольныя хвіліны мы не толькі гулялі ці нешта чыталі, але яшчэ і дарылі сваім сябрам самае каштоўнае, што ў нас ёсць, – час.

Колькі разоў мы пытаем у сябе: якое павінна быць маё жыццё? кім для мяне з’яўляецца Бог? які маю план на будучыню? Даць адказы на дадзеныя пытанні вельмі цяжка, нават, здаецца, немагчыма. Але Езус дапамагае нам. У Яго ўсё проста: мы павінны мець стратэгію, план. Гэтаму нас вучыць Святое Пісанне. Гэтаму нас вучылі і падчас адпачынку.

За гэты час мы добра зразумелі, што неабходна заўсёды быць з Богам. Бо калі Ён будзе на першым месцы, то і ўсё астатняе будзе ў парадку.

szczuczyn 5Дзякуй Богу за цудоўную магчымасць перажываць гэтыя канікулы ў Яго прысутнасці, а таксама а. Вітольду Пяцельчыцу і ўсім, хто быў разам з намі.

Тэкст: Вікторыя Смарыга

Фота: Настасся Голец