Skip to main content

Адпуставая Імша ў гродзенскай катэдры: маем Правадніцу ў справе збаўлення

adpkongr lid1

Св. Імшой раніцай 5 жніўня скончыліся ўрачыстасці Маці Божай Кангрэгацкай. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі іерарх заўважыў, што невялікі абраз Маці Божай Кангрэгацкай у атачэнні шматлікіх вотаў блізкі, напэўна, кожнаму гарадзенцу. На працягу некалькі стагоддзяў Панна Марыя атуляе плашчом мацярынскай апекі горад Гродна і верны люд, які звяртаецца да Яе з даверам у любой патрэбе.

adpkongr lid2"Можна мець шмат зычлівых знаёмых, верных таварышаў, добрых калег, можна быць задаволеным сужэнскім і сямейным жыццём, але заўсёды самым лепшым сябрам застаецца маці. Да яе звяртаемся з прастатой і даверам, з ёю дзелімся смуткамі і радасцямі. І калі нашы мамы адыходзяць у вечнасць, адчуваем сябе сіротамі. На душы ўзнікае пустка, якую, здаецца, нічым не запоўніць... Таму кожнаму чалавеку на крыжы Хрыстос "аддаў" у дар сваю Маці, каб мелі мацярынскую падтрымку на шляху веры, каб Марыя была нашай Правадніцай у справе збаўлення", – сказаў іерарх.

Напрыканцы літургіі пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі падзякаваў прысутным за супольную малітву, удзельнікам чування – за час, адараваны для Маці Божай перад Яе цудатворным абразом.

adpkongr lid3Скончылася св. Імша ўрачыстай працэсіяй. Пасля адмаўлення некаторых малітваў вернікі ў стане ласкі атрымалі адпуст.

Тэкст: Ангеліна Пакачайла

Фота: Вольга Сяліцкая