Апоўначы з 4 на 5 жніўня ў малой базіліцы св. Францішка Ксаверыя вернікі разам са святарамі горада Гродна выйшлі ва ўрачыстай працэсіі з копіяй цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай. Пасля яе распачалася літургія, якую ўзначаліў дзекан дэканата Гродна-Усход кс. Павел Шанчук.
У гаміліі святар наблізіў прысутным постаць Найсвяцейшай Маці, якая блізкая кожнаму чалавеку. "Усе мы дзеці Маці Божай, і павінны быць шчаслівыя, што маем заступніцу ў Небе, – падкрэсліў кс. Павел. – У Яе няма вольнай хвіліны. Марыя выслухоўвае кожную малітву. Ні адзін жэст не застаецца без увагі, дарэмным. Сведчаннем таму з'яўляюцца шматлікія ласкі, якія вернікі атрымліваюць перад цудатворным абразом больш за 300 гадоў".
Напрыканцы св. Імшы сабраныя супольна адгаварылі малітву "Тваёй абароне". Пасля чаго начное чуванне прадоўжылася.
З гісторыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай, што зараз знаходзіцца ў правым бакавым алтары гродзенскай катэдры, намаляваны на медным лісце памерамі 22х17 см. Іканаграфічна з’яўляецца спісам слыннага абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. Пра італьянскае паходжанне сведчаць высокія мастацкія якасці жывапісу: дакладны малюнак, багаты каларыт, умелае карыстанне светлаценем. Перапрацаваны ў раннебарокавым стылі пры захаванні характэрных прыкмет пратографа.
Абраз быў прывезены з Рыма правінцыялам дамініканаў і падараваны канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхту Станіславу Радзівілу. Пасля смерці канцлера абраз дастаўся дамініканіну кс. Куклінскаму, потым — Войцеху Жаляроўскаму. А той, будучы цяжкахворым, падараваў абраз кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў. Урачыстае ўнясенне абраза ў касцёл езуітаў (яшчэ драўляны, святых апосталаў Пятра і Паўла) адбыўся 3 жніўня 1664 года.
Перад гэтым па просьбе кангрэгацыі камісія ад віленскага біскупа ў складзе канцлера дыяцэзіі кс. Казіміра Вайшняровіча і пробашча касцёла св. Брыгіты кс. Станіслава Катоўскага пацвердзіла 108 цудаў абраза, засведчаных пад прысягай. Склала адпаведны пратакол, пасля чаго віленскі біскуп Юрый Белазор прызнаў абраз цудатворным. 28 жніўня 2005 года ў Гродне адбылася вялікая ўрачыстасць, прысвечаная каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай папскімі каронамі і 300-гадоваму юбілею кансэкрацыі катэдральнай базылікі.
Тэкст: Ангеліна Пакачайла
Фота: Вольга Сяліцкая