3 жніўня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пачаліся 3-дзённыя духоўныя практыкаванні на тэму "Пасланне Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы". Праводзяць іх кс. Андрэй Лішко і кс. Валерый Быкоўскі пры актыўнай дапамозе семінарыстаў.
Разважанні рэкалекцый асаблівым чынам прысвечаны аб'яўленням Маці Божай у Партугаліі. Удзельнікі маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з пасланнем Маці Божай, скіраваным свету праз дзяцей 100 гадоў таму.
У ходзе рэкалекцый маладыя людзі маюць час на малітву і адпачынак. Першы дзень пачаўся супольнай Эўхарыстыяй у капліцы семінарыі. У гэты дзень юнакі сустрэліся, між іншым, з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім, які адзначыў, што Касцёл сёння мае патрэбу ў адважных весніках Божага слова, маладых людзях, поўных запалу і энергіі. Завяршыўся першы дзень духоўных практыкаванняў адарацыяй Найсвяцешага Сакраманту, якую правёў кс. Валерый Быкоўскі.
На рэкалекцыі сёлета прыбыло каля 30-ці юнакоў (некаторыя далучацца пазней). Духоўныя практыкаванні працягнуцца да 6 жніўня.
Кл. Томаш Мікалайчык