Skip to main content

Біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікае дыяцэзіян да малітвы ў інтэнцыі пакліканняў

paklikannie

У сувязі са значным зніжэннем колькасці пакліканняў да святарства ў лакальным і паўсюдным Касцёле Гродзенскі ардынарый Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да дыяцэзіян з паведамленнем, у якім запрашае вернікаў на працягу месяца жніўня маліцца аб дары пакліканняў.

"Няхай не вычэрпваецца даверлівы і настойлівы заклік да Гаспадара жніва ў нашых дамах, парафіях, законных супольнасцях, малітоўных групах, колах адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, колах Ружанца і іншых групах вернікаў. Прашу кожнага з Вас, дарагія Дыяцэзіяне, аб прыватнай малітве, аб дары добрых спраў, самаадрачэння і ахвярвання цярпення, каб добры Бог у сваёй Прадбачлівасці адарыў наш Касцёл шматлікімі, руплівымі, святымі пакліканнямі да святарства", – падкрэсліў у афіцыйным дакуменце біскуп.

Іерарх таксама скіраваў слова да маладых людзей, якія стаяць на парозе дарослага жыцця. "І Вы паразважайце над выбарам дарогі жыцця, – заўважыў біскуп. – Калі чуеце ў сваім сэрцы пяшчотны заклік Езуса, які запрашае Вас да служэння Богу і людзям у святарстве, не бойцеся пайсці за гэтым голасам. Майце адвагу адказаць "так" Хрысту, не саромцеся даверыцца Яму і пайсці шляхам, які пакажа Вам сам Хрыстос".

Пробашчы і адміністратары парафій заахвочваюцца да падтрымання просьбы ардынарыя іншымі малітоўнымі і душпастырскімі ініцыятывамі.

Ангеліна Пакачайла