Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб малітве ў інтэнцыі пакліканняў
Паважаныя Браты ў Святарстве і Айцы законныя, кансэкраваныя асобы!
Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!
У апошнія гады ў нашай Гродзенскай дыяцэзіі, як і ў многіх іншых партыкулярных Касцёлах розных краін, адчуваецца значнае зніжэнне колькасці пакліканняў да святарства. Па розных прычынах усё менш і менш сярод нас маладых людзей, якія свядома і велікадушна вырашылі адказаць "так" на Хрыстовае запрашэнне: "Ідзі за Мной!".
Хоць пакуль вернікі нашай дыяцэзіі маюць асноўную душпастырскую апеку, аднак патрэбна памятаць, што наш гродзенскі Касцёл па-ранейшаму мае патрэбу ў святарах, а наступствы сталага памяншэння колькасці пакліканняў ужо ў найбліжэйшай будучыні будуць усё больш і больш адчувальнымі.
Таму звяртаюся да кожнага з Вас, дарагія Дыяцэзіяне, з гарачай просьбай, каб прынялі да сэрца словы Езуса Хрыста: "Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала. Таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё" (Мц 9, 37–38). Сёння гэты заклік нашага Збаўцы гэтак жа актуальны, як і тады, калі быў сказаны Езусам.
Як Пастыр гродзенскага Касцёла прашу Вас, Умілаваныя Браты і Сёстры, аб дары малітвы за пакліканні. Няхай не вычэрпваецца даверлівы і настойлівы заклік да Гаспадара жніва ў нашых дамах, парафіях, законных супольнасцях, малітоўных групах, колах адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, колах Ружанца і іншых групах вернікаў. Прашу кожнага з Вас аб прыватнай малітве, аб дары добрых спраў, самаадрачэння і ахвярвання цярпення, каб добры Бог у сваёй Прадбачлівасці адарыў наш Касцёл шматлікімі, руплівымі, святымі пакліканнямі да святарства.
У заключэнне хацелася б накіраваць свае словы і да Вас, дарагія маладыя людзі, якія стаяць на парозе дарослага жыцця. І Вы паразважайце над выбарам дарогі жыцця. Калі чуеце ў сваім сэрцы пяшчотны заклік Езуса, які запрашае Вас да служэння Богу і людзям у святарстве, не бойцеся пайсці за гэтым голасам. Майце адвагу адказаць "так" Хрысту, не саромцеся даверыцца Яму і пайсці шляхам, які пакажа Вам сам Хрыстос. Як нагадвае Святы Айцец Францішак у гэтым годзе ў Пасланні на Сусветны дзень моладзі, толькі адкрыццё Божага паклікання і паслухмянасць гэтаму закліку зробіць нас сапраўды шчаслівымі.
Загадзя дзякую ўсім Вам, дарагія Дыяэцэзіяне, за зычлівае прыняцце маёй просьбы. На плённае аб’яднанне ўсіх у малітве аб пакліканнях кожнага з сэрца бласлаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Шаноўных пробашчаў і адміністратараў парафій прашу зачытваць гэтае паведамленне падчас парафіяльных аб'яў ва ўсе нядзелі месяца жніўня, а таксама прашу аб скіраванні слоў заахвоты да вернікаў да малітве аб пакліканнях, а па магчымасці і аб прыняцці іншых, якія палічыце неабходнымі, малітоўных і душпастырскіх ініцыятыў.