29 ліпеня завяршылі свой шлях пілігрымы, якія ішлі з Гродна ў Навагрудак. Сёлета паломніцтва да сясцёр мучаніц сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў – каля 80-і чалавек. У размове з grodnensis.by пілігрымы-ветэраны даюць сведчанне ласк, якія атрымалі праз заступніцтва благаслаўлёных манахінь. Тыя, хто ішоў упершыню, распавядаюць, што найбольш здзівіла іх падчас дарогі. А арганізатары называюць прычыны, чаму ў спіс "планы на лета" трэба абавязкова ўнесці пункт "дыяцэзіяльнае паломніцтва да бл. сясцёр назарэтанак".
Алена Нікалаева, 17 гадоў, студэнтка, парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка)
(першая справа)
На маю думку, пілігрымка – гэта тое, што дае моцны духоўны зарад на цэлы год. Бо за гэты перыяд, паглынуты абавязкамi, чалавек крыху астывае, але энэргія, якую ён атрымаў падчас паломніцтва, не дае згаснуць цалкам. Я ў пілігрымцы заўсёды атрымліваю веды, з дапамогай якіх з лёгкасцю знаходжу адказы на пытанні, якія ўзнікаюць у маёй штодзённасці на працягу года.
Да сясцёр мучаніц я вырушыла другі раз. Сёлета ішла з падзякай за выслуханую інтэнцыю. У мінулым годзе мяне чакала 15 выпускных экзаменаў і ўступныя іспыты ў ВУЗ. І я прасіла благаслаўлёных сясцёр аб заступніцтве ў дадзенай справе. У свае сілы я верыла слаба, і, шчыра кажучы, маральна рыхтавала сябе да курсаў повара ці швачкі-закройшчыцы. Але, вялікі дзякуй Богу, усё атрымалася, і сёння я студэнтка факультэта кіравання ў горадзе з марскім берагам – Гданьске (Польшча).
Станіслаў Дзянісаў, 30 гадоў, будаўнік, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак) у Гродне
Да Бога я прыйшоў каля года таму – перажыў навяртанне, пахрысціўся. Таму на дадзены момант усё, што звязана з практыкай веры, выклікае ў мяне здзіўленне. А тут пілігрымка!
Больш за ўсё мяне ўразіла дабрыня і гасціннасць людзей, у якіх мы начавалі. Адна жанчына ўсё завіхалася вакол мяне і пыталася, якую падушку мне лепш падаць: больш мяккую, ці крыху цвёрдую? А я думаў пра сябе: “Людзі, вы чаго?? Я пілігрым, я гатовы спаць на падлозе ў хляве!” Шчыра кажучы, да гэтага я сябе і рыхтаваў, а акзалася вунь як.
Пайсці менавіта да сясцёр мучаніц вырашыў таму, што мяне захапіла іх ахвяра. Я надта часта ў жыцці сустракаў людзей, якія нават у дробязях дапамагчы адзін аднаму не хацелi, спасылаючыся на “я не абавязаны”. А гэтыя манахіні аддалі жыццё за мужчын, якіх, магчыма, нават не ведалі.
Ірэна Вечарынская, 50 гадоў, медработнік, парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) ў Гродне
Упершыню ў пілігрымку Гродна-Навагрудак я пайшла 8 гадоў таму і з таго часу не прапусціла ніводнага паломніцтва.
Вырушыць да сясцёр мучаніц мяне падштурхнула асабістая праблема: мой малодшы брат на пряцягу 5-і гадоў нікому з нашай сям’і не сказаў ні слова. Затаіў нейкую крыўду і перастаў з намі размаўляць. Мы неаднаразова намагаліся вырашыць гэтую сітуацыю: выклікалі яго на размову, прасілі прабачэння. Дарэмна.
Але аднойчы на дзвярах касцёла я ўбачыла аб’яву пра пілігрымку ў Навагрудак. На плакаце адзначалася, што будуць малiцца за сем’i.
Пайшлі разам з дачкой, але я прайшла толькі два дні. На начлеге ў Астрыне звалілася ў склеп і атымала траўму. Дачка рушыла далей, а я вярнулася дадому.
Зважаючы на сітуацыю, думала, што інтэнцыя прапала. Аднак праз два месяцы пасля заканчэння паломніцтва брат сам нечакана прыйшоў да нашай маці, устаў перад ёй на калені, пачаў плакаць і прасіць прабачэння. Хаця дагэтуль нават у яе бок не пазіраў.
Праз некалькі месяцаў нашая старэнькая мама адышла ў жыццё вечнае. Дзякуй Богу, што яна паспела прымірыцца з сынам. Дзякуй Богу, што адносіны ў сям’і наладзіліся. Дзякуй сёстрам мучаніцам за нястомнае заступніцтва!
С. Тэрэза Кучынская, 45 гадоў, супольнасць сясцёр назарэтанак у Гродне
У пілігрымку Гродна-Навагрудак варта пайсці па некалькім прычынам.
Па-першае, гэта рэкалекцыі ў дарозе: дзве канферэнцыі ў дзень, разнастайныя малітвы, адарацыя, “словы мудрасці”, дзяленне меркаваннем у групах – інакш кажучы, насычаная духоўная праграма, якая задаволіць запыты кожнага.
Па-другое, у паломніцтве хапае і песняў, і танцаў, і гульняў, і жартаў.
Па-трэцяе, многія лічаць, што ў пілігрымцы да сясцёр мучаніц пануе асаблівая сямейнай атмасфера. І гэта сапраўды так. Манахіні, якія ідуць у паломніцтве, уісімі сіламі намагаюцца прыўнесці ў яго ўтульнасць.
Невілікая колькасць людзей, якія звычайна збіраюцца ў шлях, спрыяе таму, што ўсе могуць добра пазнаць адзін аднаго.
Нават калі ты вырашыш пайсці адзін, не турбуйся, самотным не застанешся. У пілігрымцы Гродна-Навагрудак заўважаюць кожнага чалавека.
Ангеліна Марцішэўская