30 ліпеня ў 4.30 раніцы ў навагрудскай Белай Фары адбылася св. Імша ўшанавання 11-ці сясцёр мучаніц. Гадзіна цэлебрацыі Імшы мае сімвалічны характар - менавіта ў гэтыя хвіліны 1 жніўня больш за семдзесят гадоў таму нямецкія фашысты расстралялі манахінь, якія аддалі сваё жыццё дзеля ўратавання мясцовых мужчын - айцоў сямей.
У святыні сабраліся жыхары Навагрудка і пілігрымы з Гродна і Новай Мышы. Вернікі прыбылі, каб падзякаваць благаслаўлёным сёстрам за іх адвагу і доказ таго, што Валадарства Нябеснае з'яўляецца адзіным сапраўдным скарбам, да якога трэба імкнуцца.
Св. Імшу ўзначаліў кс. Віталь Сідорка, духоўны кіраўнік дыяцэзіяльнага паломніцтва да сясцёр мучаніц. Звяртаючыся да сабраных, святар адзначыў, што існуюць моманты, калі да чалавека больш прамаўляе цішыня, і запрапанаваў не разважаць Божае Слова, але, паводле прыкладу сясцёр з Навагрудка, жыць Ім.
"Бог не кліча нас да мучаніцтва. Ён заклікае да нармальнасці. Давайце больш не будзем здзіўляцца гераічнасці ўчынка сяцёр, для якіх ён быў натуральным выразам веры, але будзем працягваць іх справу сведчання прыналежнасці да Хрыста ў сваёй звычайнай штодзённасці. Давайце проста пакажам, што мы з'яўляемся тымі, хто адказвае бласлаўленнем на праклён, любоўю на пераслед, дабром на зло", - падкрэсліў кс. Віталь.
Падчас урачыстасці вернікі падзякавалі Богу за кожную асобу, якая вырашыла ўступіць у супольнасць сясцёр назарэтанак, і ўзнеслі малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў.
На завяршэнне Імшы сабраныя памалілся Вяночкам да благаслаўлёных сясцёр і ўцалавалі рэліквіі мучаніц.
Ангеліна Марцішэўская