Skip to main content

Урачыстасці ў гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёных назарэтанак прайшлі ў Батароўскім лесе

damuczanic 42Вечарам 29 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка сабраліся пілігрымы, каб ушанаваць чарговую гадавіну мучаніцкай смерці 11 манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі). У гэтым лесе сёстры былі расстраляны на досвітку 1 жніўня 1943 г., падчас Другой сусветнай вайны.

На сёлетнія ўрачыстасці ў лес, які стаў нямым сведкам тых драматычных падзей, прыбылі вернікі ў пешых пілгрымках, а таксама транспартнымі сродкамі. Яны сабраліся з жаданнем вучыцца ў благаслаўлёных мучаніц – гэтых вялікіх сведкаў веры – адвазе і вернаму наследванню Хрыста.

damuczanic 5

Ахвяра была прынята

Немагчыма было не заўважыць узрушанасці ў вачах шматлікіх пілігрымаў, калі яны спыніліся на месцы, дзе 74 гады таму здзейснілася страшная экзекуцыя. Ва ўяўленні ўдзельнікаў урачыстасцяў, напэўна, узнік добра вядомы вобраз: свежавыкапаная яма, злавесныя сілуэты нямецкага афіцэра і салдат, што выконвалі расстрэл, а на першым плане – адзінаццаць сясцёр у хабітах, з рукамі, складзенымі ў малітве. Некаторыя з іх кленчаць, іншыя моляцца стоячы, і ўсе яны ўсведамляюць, што стаяць на парозе смерці, але на іх тварах напісаны дзіўны спакой. На іх не бачна страху, роспачы, бунту ці праклёнаў. Гэтая крывавая экзекуцыя з’яўляецца для сясцёр знакам, што ахвяра, якую яны склалі з уласнага жыцця, аказалася прыемнай Богу і была Ім прынята.

У гэтым месцы, якое сёння прыцягвае прыгожай прыродай, вялікім спакоем і цішынёй, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У літургіі прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі біскуп Аляксандр адзначыў, што гісторыя Касцёла ведае нямала прыкладаў хрысціян, якія, наследуючы Хрыста, з любові да бліжніх аддалі сваё жыццё.

damuczanic 20

Мучаніцтва – дар ласкі

„Мы можам ганарыцца, што сярод гэтых герояў веры і любові ёсць таксама сёстры назарэтанкі з Навагрудка – такія блізкія і дарагія нам, звязаныя з нашай зямлёй і з яе цяжкай, балеснай гісторыяй”, – дадаў біскуп Кашкевіч.

Па словах іерарха, “мучаніцкая смерць сясцёр была, безумоўна, дарам ласкі, а таксама ўвянчаннем іх прыгожага жыцця, цалкам адданага Хрысту”.

Біскуп адзначыў, што такая шматлікая прысутнасць на малітве на месцы, дзе сёстры былі пазбаўлены жыцця, – выраз падзякі Пану Богу за іх вялікае і прыгожае сведчанне веры.

„Мучаніцтва сясцёр назарэтанак з’яўляецца доказам таго, што сапраўднае дабро перамагае зло, што любоў мацнейшая за нянавісць, a жыццё заўсёды трыумфуе над смерцю”, – сказаў іерарх.

Біскуп заклікаў прысутных часта звяртацца да благаслаўлёных назарэтанак, каб яны прасілі ў Бога патрэбныя ласкі для іх родных і блізкіх, для сем’яў і супольнасцяў і для Касцёла на Гродзеншчыне.

damuczanic 29

Падчас Эўхарыстыі вернікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці. Сястра Малгажата, хоць і не атрымала ласкі мучаніцтва, пакінула пасля сябе прыгожае сведчанне святасці жыцця, вялікага прысвячэння і адданасці, з якімі служыла Богу і бліжнім, дасканалай вернасці свайму манаскаму пакліканню.

damuczanic 39

Пасля Імшы вернікі мелі магчымасць пацалаваць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак і трываць на каленях на ціхай малітве – на той самай зямлі, якая калісьці была акроплена крывёю мучаніц, што аддалі сваё жыццё за бацькаў сем’яў.

Няхай прыклад благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, святасць іх жыцця і веліч іх смерці ўзбудзіць у нашых сэрцах прагненне яшчэ больш верна і ахвярна ісці за Хрыстом шляхам Евангелля.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Марцішэўская