11 ліпеня ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах пачаліся Канікулы з Богам. У адпачынку, прапанаваным пробашчам кс. Валерыем Быкоўскім, прымаюць удзел дзеці з парафіяльнай супольнасці.
Канікулы з Богам аб’ядноўваюць малітву і забавы. Акцэнт робіцца на малітву. Навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія з’яўляюцца аніматарамі гэтага летняга адпачынку, нагадваюць дзецям аб патрэбе малітвы ў жыцці кожнага чалавека.
Акрамя малітвы, ёсць таксама час на забавы і гульні, якія асабліва інтэгруюць удзельнікаў канікул. Дзецям прапануюцца і павучальныя фільмы.
Час, праведзены пры парафіі, з’яўляецца добрай магчымасцю для дзяцей лепш пазнаць праўды веры і наблізіцца да Бога і Касцёла. Кожную хвіліну радасці ў час адпачынку дзеці парафіі ў Вялікіх Эйсмантах вучацца ахвяраваць Богу. У кожным дні канікул яны стараюцца ўбачыць скарб, атрыманы ад Пана, стараюцца не знішчыць гэты скарб і не забываць пра Бога, які штодзень хоча быць з кожным чалавекам.
Кс. Юрый Марціновіч