7-9 ліпеня Гродзенскую дыяцэзію наведаў Мітрапаліт Рыжскі арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч. Іерарх прысутнічаў на сёлетніх адпустовых урачыстасцях у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях і ўзначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, а таксама наведаў з прыватным візітам некаторыя гродзенскія святыні, дзе сустрэўся з духавенствам.
У размове з grodnensis.by арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч адзначыў, што пакідае Гродзеншчыну, “збудаваны верай людзей” і “ўмацаваны ў веры”. “Будучы ў санктуарыі ў Тракелях, я заўважыў дынамізм веры, а разам з тым тую простую веру людзей, якую яны вельмі часта выражалі з дапамогай жэстаў, напрыклад, такіх, як уздыманне рук. Вельмі добра, што сваю веру яны выражаюць таксама знешне”, - сказаў іерарх.
Арцыбіскуп Рыжскі дадаў, што вялікае ўражанне на яго зрабілі манаскія супольнасці, якія існуюць у Гродне, якія з вялікай руплівасцю і стараннасцю абвяшчаюць Божае слова і вядуць душпастырскую дзейнасць.
“Падчас наведвання айцоў рэдэмптарыстаў у Гродне мне было дадзена заўважыць, што там існуюць разнастайныя кірункі душпастырскай дзейнасці: і касцёл, і тэатр, і розныя малітоўныя групы. Гэта сапраўдная евангелізацыя, якая ахоплівае ўсе пакаленні людзей. Яна не затрымліваецца толькі на здзяйсненні святых сакрамэнтаў, а ідзе далей, да чалавека, якога жадае ўсебакова выхоўваць. І я бачу, што людзі тут вельмі адкрытыя на пасланне Евангелля”, - адзначыў іерарх.
Па словах арцыбіскупа, перад абодвума лакальнымі Касцёламі – у Беларусі і ў Латвіі – аднолькавыя выклікі, а абмен досведам вельмі каштоўны. Іерарх дадаў, што разам трэба супрацьстаяць фальшывым ідэалогіям, якія вядуць да секулярызацыі грамадства.
“Ад таго, ці здолеем мы супрацьстаяць гэтым ідэалогіям, залежыць будучыня Касцёла”, - рэзюмаваў арцыбіскуп.
Кс. Юрый Марціновіч