Апоўначы Імшу пастэрку ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем'яў у Тракелях узначаліў Мітрапаліт Рыжскі арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч.
Літургія пачалася працэсіяй са свечкамі праз мястэчка Тракелі, у якой моладзь несла фігуру Маці Божай Фацімскай. Менавіта праз гэтую фігуру Марыя нагадвае сучасным вернікам – удзельнікам сёлетніх урачыстасцяў, – што заўсёды трэба памятаць аб малітве.
Ідучы за фігурай Марыі, вернікі аддаліся пад Яе мацярынскую апеку. Дзеці і моладзь з апаленымі сонцам падчас пілігрымавання тварамі, сярэдняе і старэйшае пакаленне з верай і заклапочанасцю будучыняй узносілі малітвы і прасілі, каб Божая Маци захавала свет перад пагрозамі злога духа.
На Імшы сабралося шмат вернікаў, якія прыблі пакланіцца Божай Маці і прадставіць Ёй свае просьбы.
У Імшы ўдзельнічалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Вітаючы сабраных, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на пачатку ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы сем’яў звярнуўся з сардэчным прывітаннем.
“Падобна як гэта чынілі нашыя папярэднікі ў веры, мы прыбываем у Тракелі, каб спаткацца з Марыяй, нашай Маці, якой ад вякоў люд верны аддае пашану ў гэтым абразе, - сказаў біскуп. - Мы прыходзім да нябеснай Маці з дзіцячым даверам, што Яна нас не пакіне, што ахіне кожнага сваім матчыным заступніцтвам і прыйдзе з дапамогай у кожнай нашай патрэбе”.
Гродзенскі ардынарый заахвоціў усіх прысутных “даверыць Марыі ўсё, што носім у сваіх сэрцах: нашыя радасці і смуткі, поспехі і няўдачы, клопаты і непакой”.
Сёлетнія ўрачыстасці ў Тракелях прысвечаны 100-й гадавіне аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, таму біскуп Кашкевіч нагадаў усім, што заклік да пакаяння і навяртання, які кіруе да нас Марыя, перасцерагаючы ад пагрозы пекла, з’яўляецца па сваёй сутнасці пасланнем надзеі.
“Тут, у Тракелях, ля ног Найсвяцейшай Маці, просім Пана праз заступніцтва Марыі аб ласцы пакаяння і шчырага навяртання”, - дадаў іерарх.
Арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч у гаміліі адзначыў, што прыбывае ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі як пілігрым, каб “перш за ўсё дзяліцца сваёй верай і ўмацаваць сваю веру”.
Іерарх звярнуў увагу на тое, каб заўсёды будаваць з Богам добрыя адносіны, памятаць аб штодзённай малітве, нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі, а таксама аб адкрыцці на дар новага жыцця.
“Бацькі, адкрыйцеся на дар новага жыцця, тады знойдзеце сапраўдную радасць. Не бойцеся прыняць адказнасць за выхаванне сваіх дзяцей”, - заклікаў арцыбіскуп.
Іерарх заахвоціў любіць сваю краіну і будаваць у ёй дабро і мір. Арцыбіскуп Рыжскі ўзгадаў таксама пра Фацімскае пасланне, адзначыўшы, што ў навяртанні сёння мае патрэбу кожны чалавек.
“Навяртанне – гэта ўваход ва ўсё больш глыбокія адносіны з Панам Богам і ўзгадненне задумаў Яго сэрца з маім сэрцам, - патлумачыў іерарх. – Навернуты чалавек – гэта той, які за святым Паўлам можа смела сказаць, што “жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстус”.
Арцыбіскуп пажадаў, каб з гэтага месца кожны вярнуўся ў свой дом і да сваіх штодзённых абавязкаў змененым чалавекам. “Вярніцеся да сваіх штодзённых справаў з перамененым абліччам. Няхай іншыя ў вас распазнаюць сведкаў Езуса Хрыста”, - падсумаваў іерарх.
Няхай гэтая сустрэча з Хрыстом у доме Маці прынясе плён паглыблення веры і любові, няхай асвеціць і ўмацуе ў ласцы сем’і нашай Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй краіны.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая