У гэтыя дні на адпустовыя ўрачыстасці ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях крочаць вернікі рознага ўзросту і з розных куткоў Гродзеншчыны. Крочаць дзеці і моладзь, менавіта іх сёлета найбольшая колькасць. Ёсць і старэйшыя, якія вельмі часта, нягледзячы на свае хваробы і стомленасць, рашаюцца на пілігрымаванне.
Сёлета наймалодшым удзельнікам ХХ юбілейнай пешай пілігрымкі Іўе-Тракелі стаў пяцігадовы Мікіта Ціхан, які ўжо другі год запар пілігрымуе да Маці Божай. Разам з ім ідзе яго мама, а таксама стрыечныя сёстры.
“Я іду ў пілігрымцы, бо люблю Маці Божую і Пана Езуса”
Хлопчык, які вельмі энергічны і надзвычай радасны, жыве ў Гродне. Нават ведае на памяць свой адрас. Аднак прыехаў у Іўе, бо тут жыве яго бабуля, і любіць сюды ездзіць. Кажучы аб сваім удзеле ў пілігрымцы, Мікіта адзначае, што яму тут вельмі добра, бо шмат людзей, якія ідуць разам.
"Я іду ў пілігрымцы, бо люблю Маці Божую і Пана Езуса", - кажа пяцігадовае дзіця. Хлопчык дзеліцца, што мае шмат чаго сказаць Маці Божай, калі прыйдзе ў Тракелі. “Перш за ўсё скажу Марыі, што вельмі Яе люблю, а пасля папрашу, каб заўсёды мне дапамагала”, - дадае ён.
У пілігрымцы Іўе-Тракелі сёлета ідзе шмат новых людзей, якія першы раз у жыцці рашыліся на гэтую прыгоду. Як адзначае кс. Ян Гавецкі, шматгадовы арганізатар, пакаленне моладзі памянялася. “Некаторыя, якія хадзілі ў мінулыя гады, выехалі на вучобу, частка ўжо працуе. Прыйшло новае пакаленне, якое першы раз выйшла ў дарогу і якое, напэўна, у жыцці чагосьці шукае. Менавіта пілігрымка дае магчымасць знайсці адказы на нейкія жыццёвыя пытанні”, - адзначае святар.
“Варта патраціць тыдзень свайго жыцця на пілігрымку!”
Аднак трэба заўважыць, што ў пілігрымцы ёсць і “ветэраны”, якія ўжо шмат гадоў у ёй удзельнічаюць. Яны так плануюць свае справы, працу, каб абавязкова тут быць. Некаторыя нават прыязджаюць з іншых гарадоў і краін.
Індрэ Ашмантайце жыве ўжо ў Мінску, але абавязкова на час пілігрымавання прыязджае на сваю малую радзіму, каб прыняць удзел у гэтым цудоўным падарожжы. Дзяўчына ўжо нават не памятае, які раз ідзе ў гэтай пілігрымцы, аднак прызнаецца, што стаяла ля яе вытокаў.
“Спачатку мама брала мяне ў пілігрымку. Памятаю, што першы раз я пайшла, калі мне было 9 гадоў”, - кажа Індрэ, якой спадарожнічаюць у гэтым годзе яе сёстры і брат.
Індрэ распавядае, што, калі пазнаёмілася са сваім мужам Дзянісам, таксама адразу запрасіла яго ў пілігрымку. “У прынцыпе, гэта паўплывала на яго далейшае станаўленне як католіка”, - дадае яна.
“Варта патраціць тыдзень свайго жыцця на пілігрымку! Потым увесь год жывеш гэтай Божай энергіяй, адчуваеш гэтае ўнутранае напаўненне. Гэта не толькі паход, гэта штосьці большае – вялікая ласка”, - кажа Індрэ.
Усе самыя цікавыя моманты яна захоўвае ў тэлефоне і адразу выкладвае ў сацсеткі: instagram, vk, facebook. “Ёсць шмат сяброў, якія хацелі пайсці, кожны год у гэты час тут былі, але зараз не атрымалася. Таму прасілі мяне, каб інфармавала іх аб усім, што тут адбываецца”, - тлумачыць Індрэ.
Пілігрымка Іўеўскага дэканату выключная, бо абыходзіць усе святыні свайго дэканату. Па дарозе да пілігрымкі далучаюцца новыя ўдзельнікі. Сёлета тут ёсць і пілігрымы-госці, якія спецыяльна прыехалі з Італіі, Польшчы, Літвы, Расіі і розных гарадоў Беларусі.
Пілігрымка налічвае зараз больш за 200 чалавек, а будзе іх яшчэ больш, бо далучаюцца новыя. У гэтым годзе яе дэвіз – “Маці Божая Фацімская, вядзі нас”.
Кс. Юрый Марціновіч