5 ліпеня вернікі парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дудах прымалі ўдзельнікаў ХХ юбілейнай пешай пілігрымкі Іўеўскага дэканату, якія накіроўваюцца ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях.
З самай раніцы пры дудскай святыні пачалася падрыхтоўка да гэтай вельмі прыемнай сустрэчы. Перад вернікамі вялікае заданне – накарміць абедам групу больш за 200 чалавек.
Мужчыны ў святочных касцюмах пад гальштукам зносяць пад святыню сталы. Жанчыны раскладаюць на іх папрасаваныя абрусы. “Трэба, каб усё было як найлепей падрыхтавана, трэба як мага лепш прыняць нашых гасцей”, - кажа адна з жанчын, якая рыхтуе стол.
Пасля таго, як сталы накрыты абрусом, пачынаюць прыносіць і расстаўляць смачныя рэчы. Абавязкова кладуць хлеб, бо без яго гэта не стол! Каўбаса, сыр, сасіскі, бульба, халаднік, памідоры, агуркі – ставяць па чарзе.
“Таксама абавязкова павінны быць нейкія слодычы і садавіна”, - кажа іншая парафіянка, якая прыйшла са сваімі дзвюма ўнучкамі. “Трэба, каб гэтыя дзеткі бачылі, як прымаць гасцей. Бо нас праз якісьці час не стане, тады трэба будзе менавіта ім прымаць гасцей, бо пілігрымка ўжо традыцыйна прыходзіць да нас кожны год”, - дадае жанчына.
Ля святыні ідзе апошняя падрыхтоўка. Малодшая жанчына падыходзіць да кожнага стала і правярае, ці ўсё там так, як трэба. Затрымоўваючыся ля аднаго, уважліва правяраючы, кажа: “Тут забыліся хлеб пакласці, - звяртаючыся да дзяцей, якіх тут шмат сабралося: - Давайце, хутка нясіце, бо ўжо чуваць спевы пілігрымаў”.
Жанчына падыходзіць да іншага стала і заўважае, што забыліся пра аднаразовыя шклянкі. Хутка іх прыносяць малодшыя.
Вернікі кажуць, што самі збіралі грошы, каб купіць прадукты. Яны прызнаюцца, што дапамагаў арганізаваць усё гэта іх пробашч кс. Вячаслаў Матукевіч. “Бо дзе ж мы, старыя, што самі зробім. Трэба ж было паехаць у магазін і ўсё гэта прывезці, а святар у нас малады, таму вельмі спраўна гэта вырашыў”, - кажа жанчына, на якой, відаць, новая святочная хустка.
Ужо вельмі блізка пілігрымы. Даносяцца да святыні прыгожыя радасныя спевы. Пробашч з асвячонай вадой выходзіць у браму. Усе вернікі таксама стаяць па яго баках. Мужчына ідзе да званіцы, каб ударыць у звон.
Пілігрымы прыйшлі! Вялікая група. Трэба адзначыць, што сёлета гэта самая вялікая пілігрымка ў Гродзенскай дыяцэзіі з усіх, якія ў гэтыя дні крочаць у Тракелі.
Мясцовы святар вітае ўдзельнікаў пілігрымкі і запрашае найперш на малітву ў святыню, бо менавіта там знаходзіца цудадзейны абраз Маці Божай Дудскай, якая ўжо шмат гадоў апякуецца вернікамі гэтай парафіяльнай супольнасці.
Са спевам уваходзяць у касцёл, і настае незвычайная цішыня. Моладзь моліцца ў цішыні!
Гэтую цішыню перарывае кс. Ян Гавецкі, арганізатар пілігрымкі, які заахвочвае да малітвы “Тваёй абароне аддаемся” ў інтэнцыі вернікаў дудскай парафіі, якія падзяліліся ўсім тым, што самі мелі, прымаючы іх на абед.
Пасля гучыць малітва благаслаўлення ежы і тых, хто яе прыгатаваў. Затым моладзь выходзіць са святыні і пачынаецца абед. Вернікі парафіі, якія ўклалі шмат часу і грошай, каб падрыхтавацца да прыняцця гэтай групы, глядзяць на маладых людзей з вялікай радасцю і надзеяй.
“Гляджу на гэтую моладзь з вялікай надзеяй, а ў сэрцы радасць, што столькі маладых людзей ідзе да Маці Божай”, - кажа Ірэна Леановіч, якая прыехала з вёскі Вельцяшы, што знаходзіцца ў 5 км ад святыні.
“Трэба, каб пасля нас у Касцёле засталіся маладыя, трэба ім перадаць веру, як нам калісьці яе перадалі нашы продкі”, - дадае Ірэна.
Моладзь вельмі хутка спажыла абед і мае яшчэ крыху часу, каб адпачыць перад далейшай дарогай. Хто адпачывае на траве, хто размаўляе між сабой, што лечыць ногі ад мазалёў у медыцынскай службы пілігрымкі. Ёсць і такія, хто ў цішыні трывае перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Як пасля высвятляецца, у пілігрымцы ў гэты дзень ёсць тыя, хто посціць – нічога не есць. А ўсё гэта ў нейкай важнай інтэнцыі, аб якой сказалі Богу.
Час прабывання пілігрымаў у Дудах праляцеў вельмі хутка. Служба парадку пілігрымкі ўжо ставіць усіх на ногі і кажа ісці далей, бо яшчэ шмат дарогі.
За гасціннасць і сэрца пілігрымы дзякуюць простымі словамі: “Буг заплаць” (“Бог адудзячыць”). Вернікі, машучы рукамі, развітваюцца з пілігрымамі, у некаторых у вачах слёзы ўзрушэння, але ў сэрцы кожнага радасць, што прыклалі шмат намаганняў, каб як найлепш прыняць іх.
Напэўна, вернікі чулі пра словы Езуса Хрыста, які казаў: “Хто вам падасць кубак вады таму, што належыце Хрысту, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды”.
Кубак вады, кавалак хлеба – жэст просты, а разам з тым вялікі ў вачах Бога, калі падаецца ў Яго імя, гэта значыць з любові. А найважнейшае тое, каб старацца “быць” любоўю ў дачыненні да кожнага! Гэта просты шлях, каб увайсці ў яго сэрца і парадаваць яго.
Кс. Юрый Марціновіч