3 ліпеня пілігрымаванне ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях распачалі вернікі Іўеўскага дэканата. Дэвіз сёлетняй пілігрымкі – “Маці Божая Фацімская, вядзі нас”.
Паломніцтва стартавала з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Сурвілішках. Маршрут прадуманы так, што на працягу пяці дзён шляху да санктуарыя ўдзельнікі наведаюць усе святыні Іўеўскага дэканата. Праграма кожнага дня вельмі насычаная: пачынаецца св. Імшой, якая з’яўляецца цэнтральнай падзеяй, затым пілігрымы моляцца ў дарозе Ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці, слухаюць канферэнцыі, з якімі выступае святар.
Кіраўніком ХХ пілігрымкі “Іўе – Тракелі” з’яўляецца кс. Ян Гавецкі, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі, які арганізуе яе з самага пачатку і па традыцыі крочыць разам з пілігрымамі ў першых шэрагах. Вялікай папулярнасцю паломніцтва карыстаецца сярод моладзі, якая складае яе асноўную частку.
Сумесны шлях да нябеснай Маці – гэта таксама нагода дзяліцца сабой і даваць сведчанне веры. На сваім шляху пілігрымы сустракаюць многіх людзей, з якімі дзеляцца сваёй прыналежнасцю да Хрыста і своеасаблівым чынам заахвочваюць да таго, што з Богам варта заўсёды жыць у сяброўстве.
Кс. Юрый Марціновіч