Skip to main content

Ігнацыянскія рэкалекцыі адбыліся ў Навагрудку

awgustin

24–30 чэрвеня ў доме Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбыліся ігнацыянскія рэкалекцыі. У іх прыняў удзел 41 чалавек з ліку духоўных і свецкіх асоб. Духоўныя практыкаванні праходзілі ў поўным маўчанні з магчымасцю штодзённай індывідуальнай размовы з духоўным кіраўніком. Іх па традыцыі ўжо ў трэці раз праводзіў а. Юзаф Аўгустын SJ – вядомы польскі аніматар ігнацыянскіх рэкалекцый, аўтар шматлікіх кніг па духоўным жыцці і хрысціянскай педагогіцы.

У размове для партала grodnensis.by а. Юзаф Аўгустын адзначыў, што ігнацыянскія рэкалекцыі ў Беларусі ў апошні час карыстаюцца вялікай папулярнасцю. У іх удзельнічаюць святары, законныя сёстры, семінарысты і свецкія асобы. “Гэты тып рэкалекцый дае чалавеку магчымасць угледзецца ў самога сябе, бо чалавек пачынае задумвацца, дзеля чаго і чым ён жыве. Перад ім адкрываецца цалкам іншая перспектыва”, – дадаў а. Юзаф Аўгустын.

Як заўважыў рэкалекцыяніст, у сёлетніх рэкалекцыях прыняло ўдзел шмат маладых мужчын, таксама сужэнцы, маці. “Гэтыя рэкалекцыі дапамагаюць у наладжванні сямейнага жыцця”, – адзначыў святар. Езуіт выказаў пажаданне, каб гэтыя рэкалекцыі ўсё больш развіваліся ў Касцёле ў Беларусі і сталі “справай мясцовага Касцёла”, а таксама “досведам глыбокага духоўнага жыцця і інтэгральнага погляду на жыццё”.

Аўтар Духоўных практыкаванняў (такой з’яўляецца арыгінальная назва ігнацыянскіх рэкалекцый) – св. Ігнацый Лаёла, заснавальнік Ордэна езуітаў. Гэта форма рэкалекцый у поўным маўчанні. Яны вучаць сустрэчы з Богам праз разважанне над Божым словам, змешчаным у Святым Пісанні. Гэта таксама шлях пазнання самога сябе і сустрэчы з сабой. Рэкалекцыі дапамагаюць зразумець, што для пазнання Бога патрэбна пазнанне сябе, і наадварот: пазнанне сябе вядзе да пазнання Бога. Ігнацыянскія рэкалекцыі былі афіцыйна зацверджаны Папам Паўлам ІІІ у 1548 годзе.

"Духоўныя практыкаванні – гэта школа малітвы, асабліва медытацыйнай і кантэмпляцыйнай, нагода вучыцца мастацтву распазнавання неабходных правільных рашэнняў і іх рэалізацыі".

Тым, хто стаіць перад выбарам жыццёвага шляху, Духоўныя практыкаванні дапамагаюць у здзяйсненні правільнага выбару. Яны таксама дапамагаюць рэфармаванню жыцця, паглыбленню і ажыўленню вопыту веры, могуць стаць часам выразнага духоўнага ўзрастання. “Духоўныя практыкаванні, – пісаў св. Ігнацый, – гэта найлепшая рэч, якую можам сабе ўявіць у гэтым жыцці і, засноўваючыся на вопыце, зразумець, каб чалавек мог і сам асабіста скарыстацца, і многім іншым прынесці плённую дапамогу і карысць”.

Кс. Юрый Марціновіч