Skip to main content

Нашыя ў Будславе: уражанні пілігрымаў

У палатачным гарадку голасна і весела. Пілігрымы паставілі палаткі, з'елі вячэру і зараз рыхтуюцца да галоўных урачыстасцей. Здавалася б, выцягнуць ногі і ўрэшце пасля доўгага шляху адпачыць. Але дзе там! У адным канцы гуляюць у валейбол, у другім – праводзяць абрад прабачэння. Дзесьці – танчаць, дзесьці – спяваюць. Няўрымслівыя!

Сваімі ўражаннямі ад паломніцтва дзеляцца пілігрымы з Гродзенскай дыяцэзіі.

opros 1

Таня Мілейша і Ганна Дзерван, "Гудагай – Будслаў"

Мы некалькі разоў ідзем у гудагайскай пілігрымцы ў Будслаў. Выходзім з Гервятаў – мы самі адтуль – і едзем у Гудагай, каб распачаць пілігрымку паломніцтва разам з усімі. Першы прыпынак у нас здараецца дома, таму першы пілігрымковы сон бачым у родным ложку (усміхаюцца - заўв.аўт.). Вельмі прыемна сустракаць людзей на начлегах, якія памятаюць цябе з мінулага года. Двойчы прыемна, калі гэтыя людзі памятаюць, напрыклад, што ты любіш паесці. Здаецца, дробязь, а для нас гэта такі шырокі жэст гасціннасці!

У бягучым годзе надвор'е спрыяла. Для пілігрыма дождж менш страшны, чым спякота. Ісці было лёгка. Успамінаюцца душэўныя песні пад гітару, вогнішча... Хоць нам, дарэчы, больш блізкі энергічны адпачынак. Рухавыя вельмі! Марш-кідок у 12 км без прыпынку – не праблема. На кожным прывале ў нас валейбол, танцы. Як сказалі ў Крывічах, гудагайская пілігрымка – самая гучная. У наступным годзе, мабыць, пойдзем у Будслаў з Ліды ці Мінска. Сёлета здаем іспыты, таму будзем бачыць. Але адназначна – Будслаў!

opros 2Кірыл Тумар, "Смаргонь – Будслаў"

Я сам з Мінска, але пайшоў са Смаргоні, таму што з'яўляюся часткай салезіянскай сям'і. Я аніматар, дапамагаю ў арганізацыі розных свят. Іду ў гэтай пілігрымцы ў пяты раз. Мне вельмі падабаецца тутэйшая атмасфера. Галоўнае адрозненне смаргонскай пілігрымкі ў тым, што яна евангелізацыйная. У месцы прыпынкаў пілігрымы ладзяць канцэрты, вечарыны, канферэнцыі. Гэта з'яўляецца вельмі карысным і цікавым досведам як для людзей, якія сустракаюць паломнікаў, так і для самой моладзі.

Прыемна бачыць у вачах людзей радасць, якія нас ужо чакаюць. Гэта заўважна. Яны аддаюць нам пры сустрэчы свае інтэнцыі і махаюць услед. Гэта кранае.

opros 3Тадэас Боло, "Смаргонь – Будслаў"

Я са Славакіі. Пайшоў у смаргонскую пілігрымку па запрашэнні добрага прыяцеля, клерыка Марка. Дзякуючы яму я адкрываю для сябе беларускую набожнасць. Яна асаблівая! Западная рэлігійная культура, у тым ліку і славацкая, мажліва, больш мудрая, але на словах, у тэалагічным плане, як мне здаецца. Беларуская – дакранаецца душы.

У нас таксама выходзяць пілігрымкі, але яны кароткачасовыя, у параўнанні з вашымі: адзін, два дні. У вас жа можна паспець адчуць усё кожнай клеткай сваёй існасці, перажыўшы сапраўдны духоўны досвед. Шмат малітваў, разважанняў. Усё гэта паглыбляе веру, з-за чаго ты адчуваеш сябе грунтоўна ўзбагаціўшымся. Гэта вялікая радасць для мяне як для хрысціяніна. Дзякуй, Беларусь!

opros 4Часлава Каламыцкая, "Ліда  Будслаў"

Я ва ўсе пілігрымкі хаджу! Была і ў Навагрудку, і ў Тракелях, у Росі, Капцёўцы, Вільнюсе. А вось сёння я ў Будславе. Хацела паехаць у Фаціму, але падумала: у аўтобусную пілігрымку заўсёды паспею; пакуль магу хадзіць, буду хадзіць.

Лідская пілігрымка мне падабаецца тым, што яна маладая. У параўнанні з вільнюскай, тут моладзь складае асноўны састаў. І нават неяк лягчэй ідзецца. Я, дарэчы, вельмі люблю нашу моладзь. Яна такая смелая, ініцыятыўная, здольна самастойна прымаць рашэнні. З маладымі людзьмі прыемна кантактаваць, што я і з задавальненнем раблю.

Ужо не першы год заўважаю ў касцёле змяншэнне колькасці вернікаў. Гэта, канешне ж, жаліць. Пілігрымкі, як мне думаецца, здольны "разварушыць" людзей. А ўдзел у іх – запаліць сэрца нанова. Гэта бесцэнны вопыт, які ўсім рэкамендую пераймаць. З кожнай пілігрымкай ты адкрываеш нешта, становішся іншым – лепшым. Не сумнявайцеся – праверана!

Ангеліна Пакачайла