30 чэрвеня нацыянальны санктуарый у Будславе сардэчна вітае на ўрачыстасцях пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, у тым ліку і з Гродзенскай дыяцэзіі.
Сёлета да Маці Божай у цудадзейным абразе з дыяцэзіі вырушылі тры пешыя пілігрымкі: з Ліды, Гудагая і Смаргоні.
Першымі на тэрыторыю санктуарыя прыйшлі пілігрымы з Ліды ў складзе 87 чалавек. За 9 дзён паломнікі пераадолелі шлях працягласцю 240 км. Гэта найдаўжэйшая дарога, якой ідуць пілігрымы Гродзенскай дыяцэзіі. Дарэчы, паломніцтва "Ліда-Будслаў" з'яўляецца самым маладым сярод тых, якія выходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі.
Другімі ў Будслаў прыйшлі пілігрымы з Гудагая, якія сёлета вырушылі сюды ў 18-ты раз. Моладзь зачаравала прысутных танцавальным сінхронным флэшмобам, які выконвала нягледзячы на дождж. Пілігрымы прайшлі 151 км за 7 дзён у складзе 123 чалавека.
Адразу за імі прыйшлі пілігрымы са Смаргоні. Кусташ санктуарыя а. Віктар Бурлак OFM назваў салезіянскую пілігрымку "самай моладзевай". Паломнікі ішлі 6 дзён. Пераадолелі шлях у 105 км у складзе 139 чалавек (найбуйнейшая з трох, якія выходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі).
Увечары адбылася св. Імша з удзелам усіх пілігрымаў, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Урачыстая Эўхарыстыя з працэсіяй адбудзецца на наступны дзень.
Ангеліна Пакачайла