25 чэрвеня парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Язафата Кунцэвіча ў Заневічах урачыста адзначыла сваё 100-годдзе.
Св. Імшу на сходах невялікай святыні ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх прыбыў у гэты дзень не толькі як пастыр Касцёла, але і як сведка часткі гісторыі парафіяльнай супольнасці, бо паходзіць з яе. Менавіта тут ён узрастаў і выспяваў у сваім пакліканні, беручы прыклад веры і пабожнасці з мясцовых вернікаў. Біскуп заклікаў парафіян да падзякі Богу за ўсе дары і ласкі, якія на працягу столькіх гадоў вернікі атрымалі, молячыся ў сваім касцёле. І ў той жа час выказаў словы ўдзячнасці самім парафіянам. “Не было б гэтай святыні, калі б не было чалавечых сэрцаў, якія так моцна любяць Хрыстовы Касцёл”, – дадаў іерарх.
На ўрачыстасці сабраліся шматлікія святары, у тым ліку і тыя, якія паходзяць з парафіі Заневічы, законныя сёстры, прадстаўнікі мясцовай улады і шматлікія вернікі. На юбілей прыбылі таксама 15 сваякоў Бажэнцкіх і Хлюдзінскіх з Польшчы.
Вітаючы сабраных, пробашч парафіі кс. Валерый Быкоўскі нагадаў гісторыю стварэння парафіяльнай супольнасці. Адзначыў, што сімвалічны 1917 год быў годам пачатку вялікіх падзей для Хрыстовага Касцёла на Усходзе, бо акурат у гэты час адбылася бальшавісцкая рэвалюцыя. “Тады знішчаліся святыні, а святары перажывалі цяжкі пераслед”, – заўважыў святар. І дадаў, што гэта таксама быў год звеставання і прароцтва новых часоў, бо менавіта тады аб’явілася Найсвяцейшая Панна Марыя ў Фаціме і засведчыла аб сваім сэрцы, якое затрыумфуе. "Менавіта ў 1917 годзе, па просьбе нашых продкаў, якія былі пазбаўлены сваёй святыні ў Свіслачы і Літвінках, сям’я Бажэнцкіх з Абрэмшчыны перадала сваю пахавальную капліцу на патрэбы вернікаў. Гэта дало пачатак парафіі ў Заневічах”, – распавёў святар.
Гамілію да прысутных прамовіў кс. прэлат Юрый Стэцкевіч родам з Заневічаў, які 26 гадоў служыць у Калінінградзе. “Тут, у Заневічах, нашыя сэрцы б’юцца інакш, чым там, дзе мы знаходзімся кожны дзень. Тут і маё сэрца стукае ў прыгажэйшым рытме, бо злучана цудоўнай ніткай з сэрцам Езуса”, – адзначыў святар. І дадаў, што “Бог дае нам любоў з невычэрпнай крыніцы, але таксама прадастаўляе магчымасць, каб і мы любілі”. Святар заклікаў раздаваць любоў і прысвячаць сябе іншаму чалавеку. “Будзем жа дбаць аб тым, каб не былі падобныя да кніжкі, якая стаіць на паліцы без выкарыстання. І тады нашыя сэрцы дасягнуць сэрцаў іншых”, – падсумаваў кс. Юрый.
Урачыстасць завяршылася словамі ўдзячнасці, якія пробашч прамовіў да ўсіх, хто прымае актыўны ўдзел у жыцці парафіяльнай супольнасці і рознымі спосабамі падтрымлівае святыню.
На ўспамін аб урачыстасці 100-годдзя парафіі былі пасаджаны тры дубы, як сведчанне моцнай веры тутэйшых парафіян.
Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі