Skip to main content

Біскуп Кашкевіч да вернікаў парафіі ў Заневічах: “Ідзіце далей у пілігрымцы веры ў новыя часы”

obrem 1

24 чэрвеня пачаліся ўрачыстасці 100-годдзя існавання парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата Кунцэвіча ў Заневічах. Іх узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Пачаткам святкавання юбілею была абрана Абрэмшчына, якая знаходзіцца на тэрыторыі парафіі, – месца, асаблівае для Гродзеншчыны. Сюды прыбыло шмат гасцей, сярод якіх шматлікія святары, у тым ліку і тыя, якія паходзяць з гэтых зямель, манахіні, прадстаўнікі мясцовай улады і вернікі з розных куткоў Гродзеншчыны. Прыехалі таксама 15 сваякоў бл. Цэліны Бажэнцкай, якая пражыла ў Абрэмшчыне 22 гады.

Тут яна па волі бацькоў выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага, хоць з дзяцінства хацела служыць Богу як законная сястра. Тут нарадзіла чацвярых дзяцей: дваіх пахавала, дваіх выгадавала. Ва ўзросце 41 год аўдавела. Пасля смерці мужа рэалізавала жаданне, якое мела з дзяцінства. Калі старэйшая дачка выйшла замуж, разам з малодшай дачкой Ядзвігай паехала ў Рым i стала заснавальніцай новай супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. У памяць аб слыннай бласлаўлёнай на месцы, дзе калісьці стаяў дом Бажэнцкіх, а сёння знаходзіцца калгаснае поле, у 2007 годзе дзякуючы старанням святароў з гэтай парафіі і саміх парафіян была ўзведзена невялікая капліца.

obrem 2У гаміліі Гродзенскі ардынарый заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за ласку веры. Адзначыў, што каталіцкія звычаі вернікаў парафіі вызначалі іх штодзённае жыццё, “чалавечую нянавісць перамянялі ў любоў, а няшчасці адных нараджалі ў іншых запал несці дапамогу”. Іерарх дадаў, што плёнам рэлігійнага духу, якім прасякнута гэтая зямля, з’яўляецца і тое, што з маленькай парафіі ў Заневічах паходзяць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, шмат святароў і законных сясцёр, якія ахвярна служаць Касцёлу.

Біскуп заклікаў вернікаў далей нястомна клапаціцца аб тым, каб у парафіі заўсёды быў прысутны Езус, дбаць аб пераказе ў парафіі Божага слова, з зерня якога нараджаецца вера. “Ідзіце далей у пілігрымцы веры ў новыя часы. Няхай маладое пакаленне акажацца верным, а старэйшае ўмела перадае скарб веры, а таксама прыгожыя звычаі і традыцыі”, – заахвоціў іерарх.

На заканчэнне першага этапу урачыстасцей 100-годдзя існавання парафіі слова ўдзячнасці ў адрас прысутных прамовіў пробашч кс. Валерый Быкоўскі. Ён падзякаваў сваім папярэднікам – святарам, якія прыбылі, каб разам святкаваць гэтую падзею, а таксама вернікам, якія з вялікай пашанай атачаюць парафіяльную святыню і капліцу ў Абрэмшчыне. Святар адзначыў, што трэба асабліва дзякаваць Пану за дар жыцця і паклікання бл. Цэліны і праз яе заступніцтва маліцца, каб Бог быў праслаўлены ў жыцці кожнага чалавека, які жыве на роднай зямлі бласлаўлёнай.

Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Сабіна Дзякун