Skip to main content

Парафіяльны фэст адбыўся ў Гальшанах

fest hol 2

24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, у Гальшанах, дзе касцёл носіць тытул гэтага святога, адзначылі парафіяльную ўрычыстасць. На яе прыбылі мясцовыя вернікі, а таксама святары з Ашмянскага дэканата і шматлікія госці.

Адпустовую ўрачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Яна штогод збірае шмат вернікаў, якія прыбываюць, каб ушанаваць св. Яна – найбольшага сярод святых, якія калісьці жылі на зямлі. Найбольшага, бо сам Пан Езус казаў, што “паміж народжанымі з жанчын не паўстаў большы за Яна”.

Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, адказны за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі. Святар падкрэсліў дзве рысы св. Яна Хрысціцеля, якія варта наследаваць сучаснікам, – вялікую адвагу і незвычайную пакору. Па словах кс. Юрыя, гэтая адвага сёння неабходна кожнаму чалавеку, асабліва калі хрысціянскія каштоўнасці і тое, што святое і Божае, спіхваюцца на ўзбочыну жыцця, і калі сцвярджаецца, што гэта ўжо даўно неактуальнае і нямоднае. “Свету патрэбны адважныя людзі, якія будуць жыць святлом, што адлюстроўваецца ад Кагосьці важнейшага, не засланяючы сабой Бога, але паказваючы іншым тое, што праўдзівае і непрамінальнае”, – дадаў святар.

Падчас св. Імшы біскуп Гродзенскі таксама ўдзяліў сакрамант канфірмацыі групе вернікаў, заклікаў іх ісці праз жыццё “з адвагай і моцай св. Яна Хрысціцеля”. Іерарх падкрэсліў, што кожны чалавек атрымаў для выканання канкрэтную місію ад Бога, каб быць апосталам у сваім асяроддзі і прыводзіць да Хрыста як мага больш людзей.

Напрыканцы біскуп падзякаваў пробашчу парафіі а. Багуславу Вуйтовічу OFMConv за ахвярнае служэнне і шматлікія ініцыятывы з мэтай аднаўлення гістарычнай святыні ў Гальшанах. Іерарх падзякаваў таксама ўсім парафіянам за іх вялікае сэрца і клопат, якім атачаюць свой касцёл.

fest holАдпустовая ўрачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй. Затым ля ўваходу ў кляштар была асвечана фігура Маці Божай, а пры ўездзе ў Гальшаны – новы прыдарожны крыж. Ён будзе сведчыць аб тым, што на гэтай зямлі жывуць людзі, якія вераць у Бога.

Тэкст: JM

Фота: с. Ірына Барцэвіч FMA