Skip to main content

Вернікі з лідскай Фары прынялі сакрамант канфірмацыі

bezm 1

23 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе. Падчас св. Імшы іерарх удзяліў сакрамант хрысціянскай сталасці групе моладзі і старэйшых парафіян.

Вітаючы біскупа, кандыдаты да прыняцця сакраманту канфірмацыі адзначылі, што прагнуць узбагаціцца Божай ласкай, каб з адвагай ісці далей праз жыццё. Пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй заклікаў іх развіваць у сабе атрыманыя ласкі і быць сведкамі веры ў сваім асяроддзі.

bezm 2У выступленні Гродзенскі ардынарый узгадаў пра ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Іерарх адзначыў, што сёння людзям трэба ўглядацца ў сэрца Хрыста і вучыцца ў Яго пакоры, любові і міласэрнасці. Біскуп дадаў, што ў гэты дзень увесь Касцёл моліцца аб святасці для святароў. “Мы – святары – маем патрэбу ў вашай малітве, каб добра рэалізоўваць місію, атрыманую ад Бога”, – падкрэсліў іерарх. І запрасіў вернікаў парафіі аб малітве ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле: “жніво застаецца вялікім, а працаўнікоў мала”. Па словах біскупа, пакліканні ўзрастаюць у сем’ях, таму “хатні Касцёл павінен быць першай семінарыяй, дзе будуць перадавацца праўды веры і хрысціянскія каштоўнасці”. Гродзенскі ардынарый заклікаў усе сем’і да добрага выхавання сваіх дзяцей, да дапамогі маладым людзям у распазнанні жыццёвага паклікання.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі падзякаваў біскупу за ўдзяленне сакраманту канфірмацыі вернікам і запэўніў яго ў супольнай малітве.

Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Уладзіслаў Кудло