Skip to main content

Аплаткавая сустрэча супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ і каталіцкай сямейнай кансультацыі

9 студзеня ў Пабрыгіцкім касцёле а 10.00 гадзіне была адпраўлена ўрачыстая Святая Імша, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. На супольнай Эўхарыстыі сабраліся супрацоўнікі газеты “Слова Жыцця”, каталіцкага партала дыяцэзіі grodnensis.by, каталіцкага тэлебачання і сямейнай кансультацыі, а таксама члены іх сямей і ўдзельнікі Душпастырства журналістаў. Ва ўрачыстасць Хросту Пана Ксёндз Біскуп прыгадаў сабраным у гаміліі аб важнасці гэтага сакрамэнту. Пастыр дыяцэзіі звярнуўся да вернікаў з такімі словамі: “Калі мы ўспамінаем свой уласны хрост, то можам папрасіць у Бога прабачэння за ўсе нашы нядбайнасці і вызнаць сваю веру”.
Ксёндз Біскуп заахвоціў усіх прысутных да штодзённага вызнавання сваёй веры праз працу на карысць дыяцэзіі. Іерарх падзякаваў усім за працу і благаславіў на далейшыя гады службы Богу і людзям. Пасля Эўхарыстыі ў зале сясцёр назарэтанак адбыліся аплаткавая сустрэча і салодкі пачастунак для дзетак, якія таксама прысутнічалі на спатканні.