19 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі распачалася IX Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Cустрэча, якая складаецца з трыяды "Святыня – тэатр – спорт", праходзіць пад дэвізам "Разам з Марыяй да Езуса".
Як адзначыў у размове з grodnensis.by кс. Артур Малафей, арганізатар Парафіяды і адказны за спорт у Гродзенскай дыяцэзіі, у сёлетняй Парафіядзе прымае ўдзел рэкордная колькасць удзельнікаў – 557 чалавек, якія прыбылі з 40 парафій. Ёсць таксама адна група дзяцей і моладзі з Мінска, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у Парафіядзе Гродзенскай дыяцэзіі. У правядзенні мерапрыемства дапамагаюць 20 валанцёраў і 10 членаў арганізацыйнага камітэту.
Распачалася Парафіяда святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Вітаючы ўдзельнікаў, іерарх адзначыў, што ў гэтым годзе ім асаблівым чынам спадарожнічае Найсвяцейшая Маці, сотую гадавіну аб’яўленняў якой у Фаціме перажывае Паўсюдны Касцёл.
Біскуп падзякаваў арганізатарам Парафіяды за іх клопат аб тым, каб гэтая справа ў дыяцэзіі развівалася і з кожным годам прыцягвала новых людзей. Усім удзельнікам іерарх пажадаў, каб гэтыя дні для іх прайшлі з карысцю для душы і цела.
Гамілію падчас святой Імшы прамовіў a. Вітольд Пяцельчыц, які належыць да Ордэна Пабожных Школ (піяры). Святар адзначыў, што Парафіяда ў Гродна прыйшла з Варшавы. Менавіта там яе пачатак паклаў ягоны сабрат а. Юзаф Ёнец SchP, які загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка 2010 г.
Айцец Пяцельчыц дадаў, што сёлета піярская сям’я перажывае Каласанскі юбілейны год, звязаны з 400-й гадавінай існавання гэтага ордэна і 250-й гадавінай кананізацыі яго заснавальніка св. Юзафа Каласанса.
Падчас літургіі спецыяльныя ўзнагароды атрымалі шматгадовыя спонсары і госці Парафіяды, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы якіх ёсць магчымасць яе правядзення.
Напрыканцы Імшы адбылося ўрачыстае адкрыццё Парафіяды: у святыню быў унесены сцяг Парафіяды і прачытана спецыяльная малітва.
Парафіяда завершыцца 22 чэрвеня. Яна будзе ўключаць разнастайныя спартыўныя, музычныя і тэатральныя конкурсы, а таксама конкурсы біблейскіх ведаў і ведаў з гісторыі Касцёла. Кожны дзень будзе пачынацца святой Імшой, а заканчвацца вячэрняй малітвай.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Баляслава Гавецкага