Skip to main content

Нацыянальная сустрэча Францішканскага ордэна свецкіх у Тракелях: спрыяць узрастанню Касцёла

swieckija 2117-18 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы Нашых Сем'яў у Тракелях адбылася агульнанацыянальная сустрэча членаў Францішканскага ордэна свецкіх.

На сустрэчу прыбыло больш за 70 чалавек – духоўных сыноў і дачок святога Францішка з розных бакоў Беларусі, найбольш іх прысутнічала з тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Па традыцыі члены Францішканскага ордэна свецкіх правялі ўсяночную адарацыю перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у інтэнцыі новых пакліканняў у свой ордэн, новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны.

У межах сустрэчы 10 чалавек на рукі настаяцельніцы Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі сястры Марыі Этоль склалі вечныя абяцанні, 3 чалавекі – часовыя абяцанні, таксама былі прыняты ў навіцыят і пастулат новыя члены.

Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў у тракельскім санктуарыі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх у сваім слове адзначыў, што тыя, хто належыць да гэтай свецкай францішканскай сям’і, з’яўляюцца багаццем для сваіх дыяцэзій і для ўсяго Паўсюднага Касцёла.

“Дзякую вам за тое, што праз сваё штодзённае, не раз схаванае служэнне, вы спрыяце ўзрастанню Касцёла”, – дадаў біскуп.

Іерарх падзякаваў усім, хто належыць да гэтай супольнасці, за кожную малітву і пакуту, якую здзяйсняюць у інтэнцыі святароў, новых пакліканняў да святарства і ордэна і ў інтэнцыі сем’яў Беларусі. Біскуп заклікаў, каб на ўзор свайго духоўнага правадніка святога Францішка, бедняка з Асізі, яны працягвалі трываць на малітве і служыць Касцёлу, быць відавочным прыкладам хрысціянскай веры ў сваіх сем’ях і асяроддзях.

Даведка: Пачатак Францішканскага ордэна свецкіх вядзецца з 1221 года, калі св. Францішак, выходзячы насустрач патрэбам Касцёла і свецкіх людзей, якія жывуць у сем’ях, прапанаваў ім новую форму жыцця ідэаламі Евангелля, называючы іх Братамі і Сёстрамі ад Пакаяння.

Рэгулай жыцця свецкіх францішканаў з’яўляецца захаванне Евангелля Езуса Хрыста праз наследаванне св. Францішка з Асізі, для якога Хрыстус быў натхненнем і цэнтрам жыцця ў адносінах да Бога і людзей. Натхнёныя св. Францішкам і з ім пакліканыя да аднаўлення Касцёла, свецкія францішкане стараюцца імкнуцца да дасканаласці праз:

• выхаванне на ўзор Пана Езуса свайго спосабу мыслення праз поўную і дасканалую ўнутраную перамену, якую Евангелле называе “навяртаннем”,

• ачышчэнне сэрца ад злых схільнасцяў, прагі валодання і панавання,

• будаванне братэрскай супольнасці і евангельскага свету ў кожнай сітуацыі,

• барацьбу са спакусамі, пашыраючы ў асяроддзі працы і дома паняцце паўсюднага дабра і братэрства,

• нясенне людзям радасці і надзеі ў кожны час і ў кожным месцы,

• гарачую малітву: індывідуальную і супольную,

• чыненне міласэрнасці, такой, як бескарыслівыя ўчынкі для бедных і патрабуючых.

Кс. Юрый Марціновіч