Skip to main content

Заканчэнне навучальнага года ў семінарыі ў Гродне: “Не забывайцеся аб справах духу”

zakanczenne goda 3316 чэрвеня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася святая Імша на заканчэнне 2016/2017 навучальнага года. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У Імшы ўдзельнічалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, выкладчыкі і свецкія супрацоўнікі семінарыі і самі семінарысты.

Прысутнічалі таксама новапрэзбітэры, якія нядаўна прынялі пасвячэнне. На заканчэнне Эўхарыстыі яны ўдзялілі сабраным прыміцыйнае благаслаўленне.

Падчас Імшы семінарысты дзякавалі Богу за чарговы год фармацыі, за ўсе дасягненні ў навуковай і духоўнай сферах, за ўсіх выкладчыкаў, якія з вялікай адданасцю і самапрысвячэннем стараліся перадаць ім як мага больш ведаў і дзяліліся сваім жыццёвым вопытам.

Рэктар семінарыі кс. д-р Раман Рачко падкрэсліў, што кожны, хто выкладае ў духоўнай семінарыі ў Гродне, “уносіць свой уклад у працу ўтварэння будучых святароў”. Святар падзякаваў усім за актыўнае ўключэнне ў фармаванне новых пакаленняў духавенства, якія з кожным годам павялічваюць прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў выкладчыкам і семінарыстам добрага адпачынку. Іерарх адзначыў, што, нягледзячы на перапынак у вучобе, семінарысты павінны працягваць духоўную фармацыю і ўзрастаць у пакліканні.

„Духоўная фармацыя павінна быць заўсёды на першым месцы. Не забывайцеся падчас канікул, калі будзеце ў сваім родным доме і парафіі, на разнастайных душпастырскіх практыках, аб справах духу, бо гэта найважнейшае”, - сказаў біскуп.

Чарговы навучальны год у гродзенскай семінарыі завяршыўся супольным абедам у семінарыйнай сталоўцы. Навучэнцы пакінулі сцены семінарыі, накіроўваючыся дадому. Падчас канікул яны будуць прымаць актыўны ўдзел у розных душпастырскіх акцыях, якія адбываюцца ў дыяцэзіі. Разам з вернікамі яны вырушаць у пешыя пілігрымкі, будуць спадарожнічаць дзецям і моладзі падчас канікул з Богам, удзельнічаць у іншых сустрэчах, а таксама ў абавязковым дзяжурстве ў семінарыі.

Кс. Юрый Марціновіч