Skip to main content

Дабрачынны канцэрт Ave

6 студзеня парафія Гродна-Аўгустовак гасціла клерыкаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі і яе калектыў ,,AVE”, які традыцыйна ў гэты час наведвае парафію. Прыгожы спеў падчас Эўхарыстыі ва Урачыстасць Аб’яўлення Госпада стаў духоўным упрыгожваннем літургіі. Важнай падзеяй гэтага дня быў дабрачынны канцэрт „AVE” на карысць будовы касцёла ў Аўгустоўку. Канцэртная зала СШ № 20 сабрала 250 чалавек. Перад канцэртам адбылася невялікая цырымонія, падчас якой кс. пробашч уручыў спецыяльныя лісты падзякі спонсарам парафіі Гродна-Аўгустовак: Валянціну і Ірыне Лаўрышам, Баляславу і Таццяне Івашкам, Рамуальду і Тэрэсе Мацюкевічам, якія шмат год падтрымліваюць патрэбы парафіі.
Падчас канцэрта калектыў „AVE” выканаў больш за 25 твораў. Цудоўная атмасфера падчас канцэрта падаравала парафіянам незабыўныя ўражанні. Усе ахвяры, сабраныя падчас канцэрту, пойдуць на будову новай святыні ў Аўгустоўку, а кожны дабрачынца атрымаў ад арганізатараў каляндарык з выявай будучага касцёла. Асаблівая ўдзячнасць – дырэктару СШ № 20 спадару Хвайніцкаму Алегу Вячаслававічу і завучу спадарыні Гапонік Алене Вітольдаўне.