11 чэрвеня, у нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, адбылася незвычайная ўрачыстасць у парафіі Святой Сям’і ў Верцялішках каля Гродна.
Па-першае, быў асвечаны фундамент святыні, якая будуецца ў гэтым аграгарадку, па-другое, былі ўнесены рэліквіі бл. назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, па-трэцяе, група з 26 вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі. Урачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Парафія ў Верцялішках была заснавана ў 2015 г. Амаль роўна два гады таму ўсё пачалося тут з асвячэння пляцу пад будаўніцтва святыні і крыжа. Вернікі абралі тытулам свайго касцёла Святую Сям’ю: Езуса, Марыю і Юзафа, даверыўшы ім справу яго будаўніцтва і тыя нялёгкія часы, спадзеючыся, што дзякуючы іх дапамозе і ахвярнасці людзей добрай волі паўстане новы дом для Пана.
Асвячэнне крыжа і пляцу пад будову касцёла, 2015 год
Да гэтай важнай задачы падышлі з вялікай адказнасцю як самі парафіяне, так і мясцовыя ўлады, якія розным чынам падтрымліваюць будаўніцтва святыні і з вялікім разуменнем ставяцца да новай парафіяльнай супольнасці, якая пачынае пісаць сваю гісторыю.
Пробашч парафіі кс. Яўген Барысюк падчас урачыстасці адзначыў, што з надзеяй і даверам глядзіць у будучыню, верачы, што хутка ў гэтым месцы ўзнікне касцёл, які будзе ўзведзены дзякуючы вялікаму ўдзелу мясцовых вернікаў.
Урачыстасць пачалася ўнясеннем рэліквій благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка, якія былі расстраляны 1 жніўня 1943 г. Унясенне рэліквій з’яўляецца вельмі важным і сімвалічным для новай парафіяльнай супольнасці, бо адна з мучаніц – с. Марыя Барамэя (Вераніка Нармантовіч) – паходзіць з Верцялішак. Тут яна нарадзілася 18 снежня 1916 г. Сёння яна быццам зноў вярнулася на сваю радзіму, ужо не адна, а ў атачэнні сваіх паплечніц; вярнулася, каб ахапіць асаблівай апекай сем’і парафіяльнай супольнасці, якія абралі сясцёр назарэтанак сваімі асаблівымі заступніцамі ў небе.
Шматлікія сабраныя – святары, прадстаўнікі мясцовай улады, Праваслаўнай Царквы – мелі магчымасць пазнаёміцца з кароткім жыццярысам сясцёр з Навагрудка і іх шляхам да мучаніцтва, пра што распавялі прысутныя на ўрачыстасці назарэтанкі.
Падчас Імшы, якую біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафіяльную супольнасць і спрыяе паўстанню святыні, 26 чалавек прынялі сакрамэнт канфірмацыі.
Біскуп выказаў падзяку ўсім, што актыўна ўдзельнічае ў справе ўвядзення святыні.
Іерарх падзякаваў пробашчу, які з вялікай руплівасцю і адвагай падышоў да гэтай важнай задачы, падзякаваў старшыні сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Прагрэс-Верцялішкі» Васілю Рэвяку за вялікі ўдзел і дапамогу ў будаўніцтве, а таксама ўсім, хто матэрыяльна або духоўна падтрымлівае гэтую справу. Іерарх пажадаў, каб з Божай дапамогай удалося стварыць тут месца малітвы, дзе вернікі змогуць сустракацца з Богам. Тым, хто прыняў сакрамэнт хрысціянскай сталасці, біскуп пажадаў, каб яны сваімі паводзінамі кожны дзень вучылі іншых і былі для іх жывым Евангеллем.
Няхай жа Божы Провід вядзе ўсіх вернікаў гэтай новай парафіяльнай супольнасці, каб, утвараючы адну сям’ю, яны разам пабудавалі ў Верцялішках касцёл. Няхай у гэтых задачах і працах ім дапамагае Святая Сям’я, а таксама благаслаўлёныя назарэтанкі з Навагрудка, якім у дзень асвячэння фундаменту будучага касцёла была даручана гэтая святая справа!
Кс. Юрый Марціновіч