11 чэрвеня, у нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах.
Да прыняцця сакрамэнту моладзь і дзеці былі адпаведна падрыхтаваны праз удзел у слуханні Божага слова, супольную малітву і прыступілі да сакрамэнту пакаяння.
На пачатку Імшы кандыдаты і іх сем’і звярнуліся з просьбай да біскупа аб удзяленні гэтага сакрамэнту хрысціянскай сталасці, які патрэбны для мужнага вызнавання сваёй веры і жыцця паводле яе прынцыпаў.
Пробашч парафіі кс. Віктар Ханько, вітаючы іерарха, выказаў перакананне, што тыя, хто будзе ў гэты дзень умацаваны дарамі Духа Святога, будуць яшчэ мацней яднацца з Богам праз дзейснае ўключэнне ў жыццё парафіяльнай супольнасці. Святар дадаў, што яны будуць старацца быць у сучасным свеце сапраўдным святлом.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, узгадаў пра сутнасць урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, якая адзначалася ў гэты дзень. Па словах святара, Найсвяцейшая Тройца нястомна спадарожнічае кожнаму чалавеку ў штодзённым жыцці.
Ксёндз Марціновіч разам з тым дадаў, што мы не ведаем усяго пра Найсвяцейшую Тройцу, але кожны ведае столькі, колькі патрэбна для збаўлення.
“Мы ведаем, што павінны старацца, каб нашы душы былі памяшканнем Найсвяцейшай Тройцы. Ведаем, што павінны жыць у стане асвячальнай ласкі і старацца супрацоўнічаць з Найсвяцейшай Тройцай”, - сказаў святар.
На заканчэнне літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да тых, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, падкрэсліваючы яго важнасць. Іерарх адзначыў, што трэба пастаянна супрацоўнічаць з Богам у Тройцы Адзіным, які заўсёды жадае шчасця чалавека. Біскуп пажадаў, каб кожны ішоў з Богам праз жыццё і дзяліўся Ім з усімі, каго сустракае.
JM
Фота Аляксандры Слуцкай