4 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас Імшы ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў, што адпаведна была падрыхтавана да гэтага. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі ў тым ліку вернікі гродзенскай парафіі Св. Юзафа.
Ксёндз канонік Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай парафіі, звярнуўся да біскупа з просьбай аб удзяленні сакрамэнту, каб вернікі з адвагай маглі ўступіць у чарговы этап свайго жыцця, а дзякуючы дарам Духа Святога сталі адважнымі вызнаўцамі веры.
У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначыў, што ўрачыстасць Спаслання Духа Святога не можа абмежавацца толькі прыгадваннем гістарычнай падзеі, якая мела месца ў Вячэрніку.
“Гэтая ўрачыстасць павінна стаць пакорнай просьбай, якую Касцёл узносіць да Айца, каб таксама і сёння спаслаў Духа Святога і ўмацаваў сэрцы вернікаў, аднавіў зраненае нянавісцю, абыякавасцю і эгаізмам аблічча зямлі”, - сказаў святар.
Прымаючы сакрамэнт хрысціянскай сталасці, вернікі прынялі Духа Святога, які нястомна праз усе пакаленні дзейнічае ў Касцёле і ў жыцці чалавека, забіраючы ў яго страх і шчодра ўзбагачаючы сваімі дарамі.
Тыя, хто атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, выказалі ўдзячнасць найперш Богу за атрыманы дар і абавязаліся выхоўваць у сабе Божае жыццё, штодзённа супрацоўнічаючы з Яго ласкай. Яны падзякавалі таксама сваім святарам і катэхетам, якія рыхтавалі іх да гэтай падзеі, сваім бацькам і сведкам канфірмацыі за прыклад, які даюць кожны дзень.
“Будзьце заўсёды надзеяй нашага Касцёла, ніколі не губляйце адвагі ў штодзённым крочанні за Хрыстом”, - пажадаў тым, хто быў умацаваны дарам Духа Святога, на заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч, заахвоціўшы таксама быць сапраўднымі сведкамі Хрыста Уваскрослага.
JM