Skip to main content

Дыяцэзіяльны дзень бацькі адзначылі ў Капцёўцы

dzen backi 2У першую нядзелю чэрвеня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дыяцэзіяльны дзень бацькі, калі ва ўсіх святынях дыяцэзіі моляцца за жывых і памерлых бацькаў.

Галоўныя святкаванні прайшлі 4 чэрвеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. У гэты дзень раніцай у санктуарый вырушыла пешая пілігрымка з Гродна, у якой прынялі ўдзел бацькі сем’яў, іх жонкі і дзеці. Вернікі пілігрымавалі ў інтэнцыі бацькаў сем’яў дыяцэзіі, молячыся, каб кожны бацька быў добрым прыкладам для сваёй сям’і.

Даверыць сем’і Нябеснай Маці

Па традыцыі на Узгорку надзеі пілігрымаў прывітаў кс. Міхал Ластоўскі, кусташ санктуарыя. Святар нагадаў тым, хто сталі гасцямі санктуарыя ў гэты дзень, што Панна Марыя заўсёды чакае кожнага чалавека. Кусташ заклікаў таксама часта наведваць Капцёўку, дзе шмат гадоў у дыяцэзіі ўшаноўваецца Маці Божая ў Яснагорскім абразе.

"Як адведваем нашу зямную маці, каб пабыць з ёй хаця б крыху, услухацца ў яе словы, так пілігрымуйце таксама сюды цэлымі сем’ямі, каб даверыць усе свае клопаты нашай Нябеснай Маці, якая заўсёды цярпліва слухае”, - заахвоціў святар.

Традыцыйна пілігрымаў чакала ў Капцёўцы багатая духоўная праграма. На пачатку вернікі сабраліся ў санктуарыі на малітве Вяночка да Божай Міласэрнасці, якую ўжо па традыцыі праводзіў ксёндз прэлат Юрый Лявінскі.

dzen backi 8

Канферэнцыю для пілігрымаў падрыхтаваў духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Здзіслаў Вэдэр SDB. Вернікі прынялі ўдзел таксама ў набажэнстве Крыжовага шляху.

Кульмінацыйным пунктам была ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Бацька сям’і – праваднік у веры

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, казаў аб ролі і значэнні Духа Святога ў жыцці кожнага хрысціяніна. Святар адзначыў, што Дух Святы быў дадзены кожнаму чалавеку, аднак Яго нельга затрымаць толькі для сябе.

"Наша задача – несці Яго на ўвесь свет. Гэта наша велізарная адказнасць, бо кожны з нас быў адораны Духам Святым у сакрамэнтах хросту і канфірмацыі”, - дадаў кс. Марціновіч.

Па словах святара, глыбока перажываючы сваю веру, чалавек павінен ісці праз жыццё з усведамленнем, што на шляху ён не адзін, а што Дух Святы заўсёды павучае, падтрымлівае і ўмацоўвае яго, дазваляе таксама ачысціць сэрца ад неўпарадкаваных думак і прагненняў, робячы магчымай перадачу Божага слова.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў бацькам сем’яў за іх сведчанне веры, якое яны выразілі праз сваё пілігрымаванне да Панны Марыі. Іерарх адзначыў, што сям’я з’яўляецца заўсёды першай школай жыцця, бо менавіта там здзяйсняецца выхаванне новых пакаленняў, якія будуць здольныя змяніць аблічча зямлі і ўсяго грамадства. Біскуп дадаў, што кожны бацька павінен быць прыкладам веры, гарачай малітвы і хрысціянскага жыцця для сваёй сям’і.

Іерарх заахвоціў сужэнцаў укладваць усё сэрца ў выхаванне дзяцей, каб тыя заўсёды маглі браць яскравы і добры прыклад са сваіх бацькоў.

JM