Skip to main content

“Свята сям’і” прайшло ў Смаргоні

swiata siamii 328 мая з нагоды Дня дзіцяці ў Смаргоні адбылося “Свята сям’і”, якое стала ўжо традыцыйным для парафіі св. Міхала Арханёла. Яно рыхтавалася не адзін дзень усёй салезіянскай сям’ёй - святарамі, сёстрамі, супрацоўнікамі, дзецьмі і моладдзю.

Пасля св. Імшы дзеці разам з бацькамі былі запрошаны на пляцоўку каля касцёла і ў гарадскі парк. Клоўн разам з аніматарамі прыцягнулі ўвагу хлопцаў і дзяўчат цікавым танцам, які мог станцаваць кожны. Пасля прывітальных слоў кс. Алега Жураўскага SDB, клоўн-вядучы пазнаёміўся з дзецьмі, задаў прысутным пытанне “Што для іх сям’я?” і крыху пажартаваў.

swiata siamii 2

Затым усе удзельнікі свята атрымалі карткі з заданнямі, за якія можна было атрымаць пэўную колькасць балаў. Неабходна было ўдзельнічаць парамі. Такія гульні як “Дон Боско-арэна”, “Вадзяны снайпер”, “Поле цудаў”, “Паветраная атака”, “Стройка”, “Цырульня” сталі самымі цікавымі і папулярнымі і стварылі чаргу з маленькіх удзельнікаў. Падчас свята дзейнічала фотазона з рознымі рамкамі і плакатамі, дзе сем’і маглі захаваць добрыя моманты на доўгія гады. Стаць больш адметным можна было ў “Салоне прыгажосці”, у якім дзяўчаты-прафесіяналы распісвалі твары дзяўчынак і хлопчыкаў аквагрымам.

swiata siamii 1

Кульмінацыйным момантам свята быў выхад “анёла” на хадулях, які нібы з неба спусціўся да дзяцей з кошыкам цукерак. Пасля таго, як дзеці прайшлі ўсе гульні, па максімальнай колькасці балаў вылучылі трох пераможцаў, якія атрымалі памятныя падарункі.

Радасны, сямейны настрой быў не толькі ў тых, хто спецыяльна прыйшоў на “Свята сям’і”, але і ў выпадковых мінакоў, якія да яго далучаліся. 

Напрыканцы сястра Дар’я Еўтухоўская FMA падзякавала дзецям і бацькам за актыўны ўдзел, а таксама правяла малітву з падзякай Богу за добрае надвор’е і цудоўнае свята.

Паводле sdb.by