Skip to main content

Перэгрынацыя фігуры Панны Марыі праходзіць у Раготне, Стараельні, Дварцы

ragotna p 613 мая, роўна ў 100-ю гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, пачалася перэгрынацыя фігуры Панны Марыі ў парафіях у Раготне, Стараельні, Дварцы. Фігура Маці Божай наведвае кожную сям’ю.

 

У размове з grodnensis.by кс. Віктар Захарэўскі, які абслугоўвае гэтыя парафіі, адзначае, што для вернікаў гэтая перэгрынацыя – сапраўднае ўзрушэнне і час асабістай і супольнай малітвы.

"Фігура пераносіцца з дома ў дом. Гэтаму спадарожнічаюць суседзі і іншыя вернікі, якія кожны вечар збіраюцца разам, прамаўляюць Ружанец, моляцца Ларэтанскай літаніяй і спяваюць песні ў гонар Панны Марыі”, - кажа кс. Захарэўскі. Святар дадае, што кожная сям’я па-свойму вітае Маці Божую, рыхтуецца доўгі час да гэтай асаблівай сустрэчы.

"Вельмі часта сцежка, якая вядзе да дома, высцілаецца кветкамі. Упрыгожаны падворак, разасланыя дываны, прысутнасць усіх членаў сям’і і супольная малітва сям’і з іншымі членамі парафіяльнай супольнасці”, - адзначае кс. Захарэўскі.

Пасля супольнай малітвы гаспадары дадзенага дома частуюць гасцей – удзельнікаў малітвы – тым, чым хата багата. Затым у доме застаюцца толькі члены сям’і. Для іх гэта час індывідуальнай малітвы і выражэння Богу ўдзячнасці праз рукі Марыі за ўсе дабрадзействы, якія спасылае на іх сям’ю.

Госцем такой супольнай малітвы быў і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які прабываў з кананічнай візітацыяй у парафіях. Іерарх наведаў сям’ю, якая прымала фігуру Маці Божай, і памаліўся разам з вернікамі.

ragotna p 10

“Кожная сям’я мае магчымасць сказаць Марыі аб сваіх цяжкіх справах: аб недахопе сродкаў на жыццё, праблемах у сям’і, хваробах і цярпеннях, якія не раз здараецца спазнаць. Але гэта таксама час падзякі за ўсё дабро, якое стала іх удзелам”, - кажа кс. Віктар Захарэўскі.

Менавіта такім чынам, запрашаючы Марыю ў свой дом і давяраючы Ёй свае радасці і смуткі, вернікі гэтых парафіяльных супольнасцяў жадаюць ушанаваць юбілей аб’яўленняў. Гэта для іх асаблівая хвіліна яднання і ўстанаўлення глыбокіх адносін з Богам і самім сабой. Такім чынам яны хочуць свядома перажываць сваю веру і нястомна ўмацоўваць яе.

Кс. Юрый Марціновіч