Skip to main content

Свята любові. У Навагрудку адбыўся ІІ Фестываль сям’і

fest navagrudak 2Музыка, святочнае шэсце, конкурсы, гульні і забавы – напрыканцы мінулага тыдня ў Навагрудку прайшоў Фестываль сям’і, арганізаваны парафіяй святога Арханёла Міхала пры падтрымцы райвыканкама. Мерапрыемства, якое ладзіцца другі год запар, сабрала шмат сямей і стала для навагрудчан сапраўдным святам.

Да пачатку фестывалю ў касцёле святога Арханёла Міхала быў адслужаны малебен. Затым у суправаджэнні ўдзельніц калектыву мажарэтак сем’і, якія сабраліся на свята, прайшлі ад плошчы імя Леніна да гарадскога парку, дзе праходзіла асноўная частка фестывалю.

fest navagrudak 1

fest navagrudak 3

Выступленне калектываў Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў, сямейныя і дзіцячыя конкурсы, аквагрым, малюнкі на асфальце, турыстычная пляцоўка, спартыўныя эстафеты і інш. – парк напоўніўся дзіцячым гоманам, смехам і радасцю. Юныя і дарослыя навагрудчане гулялі, спявалі, малявалі і проста весяліліся ад душы. На працягу ўсяго фестывалю прысутных забаўлялі роставыя лялькі, а жадаючыя пакатацца на атракцыёнах маглі зрабіць гэта бясплатна.

fest navagrudak 8

fest navagrudak 4

У рамках фестывалю прайшло адразу некалькі конкурсаў, пераможцы і прызёры якіх атрымалі падарункі і памятныя сувеніры. Толькі ў конкурсе сямейнай выпечкі ў розных намінацыях былі ўзнагароджаны больш за дзесяць сямей: Стасюкевіч, Каратай, Грыцутэ, Славінскіх, Раманюк, Гізоўскіх, Качан, Падліпскіх, Фядуцік, Горбач. Да слова, дэгуставалі конкурсныя вырабы (торты, пірагі, пячэнне, пернікі і іншыя прысмакі) самі наведвальнікі. Пераможцамі ў конкурсе малюнкаў на асфальце сталі сем’і Сакевіч, Малевіч і Якубчык. Падарункі таксама атрымалі дзеці-актыўныя ўдзельнікі святочных забаў, якія набралі найбольшую колькасць жэтонаў.

fest navagrudak 6

fest navagrudak 9

Яшчэ адным прыемным сюрпрызам для прысутных стала святочная бяспроігрышная латарэя – кожны, хто набыў білецік, атрымаў сувенір (усяго было рэалізавана 150 латарэй). Акрамя таго, дадаткова было разыграна дванаццаць розных прызоў, у тым ліку дробная бытавая тэхніка. Шматдзетная сям’я Арцюх стала шчаслівым уладальнікам блэндэра.

– На фестываль прыйшлі проста адпачыць, але як бачыце, дадому вернемся не толькі з прыемнымі ўражаннямі, а яшчэ і падарункам. Набылі шэсць латарэйных білецікаў (для кожнага члена сям’і), у выніку прыз выйграў сын Іван. Нечакана і вельмі прыемна, – гаворыць Алёна Валер’еўна. – Што датычыцца самога фестывалю, то ўсё арганізавана проста выдатна. Нашы дзеці з задавальненнем гулялі, каталіся на атракцыёнах, фатаграфаваліся з роставымі лялькамі. Вельмі весела, радасна, шмат конкурсаў і забаў. Мы, дарослыя, хоць і не былі актыўнымі ўдзельнікамі, але з радасцю назіралі за шчаслівымі дзецьмі. Пабольш бы такіх свят.

fest navagrudak 5

fest navagrudak 7

Як расказаў настаяцель парафіі святога Арханёла Міхаіла ксёндз Юрый Жэгарын, мерапрыемства плануецца ладзіць кожны год.

– Каталіцкая Царква ва ўсе часы прапаведавала любоў, вернасць, узаемапавагу і іншыя хрысціянскія каштоўнасці, якія павінны быць асновай любой сям’і, – адзначыў айцец Юрый. – Для кожнага дарослага чалавека галоўнае – гэта выхаванне дзяцей. Але сучасныя бацькі настолькі заняты працай і наладжваннем дабрабыту, што праводзяць са сваімі дзецьмі намнога менш часу, чым ім бы хацелася. Мы вырашылі праводзіць падобныя сямейныя мерапрыемствы, каб у сем’і мелі магчымаць забыць пра штодзённыя клопаты і ўсе разам адпачыць. Хачу шчыра падзякаваць кіраўніцтву райвыканкама, прыхаджанам касцёла і ўсім людзям, якія дапамаглі ў арганізацыі і правядзенні фестывалю. Любові, міру і Божай ласкі ўсім навагрудчанам.

Тэкст: А.Пятрова 

Фота: Р. Шкурскі