16 мая, у літургічны ўспамін св. Андрэя Баболі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў кананічную візітацыю парафіі ў Наваельні ў Дзятлаўскім дэканаце. Візітацыя біскупам парафіі мае пастырскі характар.
Святы Айцец Ян Павел ІІ у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі „Pastores gregis” указаў на вялікае значэнне пастырскага візіту, называючы яго “сапраўдным часам ласкі і асаблівага, нават адзінага ў сваім родзе моманту ў перыяд сустрэчы і дыялогу біскупа з вернікамі”. Пастырская візітацыя з’яўляецца як бы душой біскупскага служэння і пашырэннем духоўнай прысутнасці біскупа паміж вернікамі.
Біскуп Кашкевіч, наведваючы парафію ў Наваельні, асаблівым чынам паклапаціўся аб асабістай сустрэчы з вернікамі. Менавіта ў такія хвіліны іерарх найбольш збліжаецца са сваім верным людам у здзяйсненні служэння слова, асвячэння і пастырскага кіравання, уваходзячы ў найбольш непасрэдны кантакт з непакоямі і клопатамі, радасцямі і чаканнямі людзей, маючы магчымасць ахвяраваць кожнаму слова надзеі.
Біскуп наведаў капліцу Маці Божай Дапамогі верных у вёсцы Харольчыцы, дзе цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх жыхароў гэтай вёскі і ваколіц. У сваім пастырскім слове іерарх заахвоціў вернікаў быць актыўнымі ўдзельнікамі рэлігійнага жыцця сваёй парафіі. Нагадваючы аб вялікай ролі Маці Божай у жыцці кожнага чалавека, біскуп заахвоціў да малітвы праз заступніца Маці Божай.
Ключавым момантам кананічнай візітацыі была святая Імша ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса з удзелам святароў з дэканату і вернікаў парафіі. Біскуп падзякаваў пробашчу кс. Паўлу Барысевічу за ахвярнае служэнне ў парафіі, а вернікам – за вернасць Хрысту і Касцёлу.
Падчас прабывання ў парафіі біскуп паразмаўляў з вернікамі і ўдзяліў ім благаслаўленне. Пастырскі візіт, які праводзіцца такім чынам, аб’яўляецца ў сваёй сапраўднай сутнасці, ці як знак прысутнасці Пана, які наведвае свой народ, прыносячы яму супакой.
Кс. Юрый Марціновіч