15 мая ў межах кананічнай візітацыі, якую прадугледжвае Кодэкс Кананічнага Права і якая праходзіць у Дзятлаўскім дэканаце, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне.
Іерарх сустрэўся з вернікамі гэтай супольнасці і цэлебраваў святую Імшу ў парафіяльнай святыні. На малітве сабраліся парафіяне, а таксама дзеці, якія днём раней прыступілі да Першай Камуніі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў радасць ад сустрэчы і нагадаў, што кожная кананічная візітацыя з’яўляецца найперш супольнай малітвай вернікаў са сваім біскупам, які прыбывае, каб прыгледзецца да веры парафіян і ўмацаваць іх словам і пастырскім благаслаўленнем.
З нагоды юбілею 100-годдзя аб’яўлення Маці Божай у Фаціме іерарх нагадаў, што сёння таксама трэба маліцца, асабліва на ружанцы, навяртацца да Бога і чыніць пакаянне дзеля навяртання грэшнікаў.
Ксёндз Андрэй Пышынскі, пробашч парафіі, адзначыў падчас візітацыі, што яго парафіяльная супольнасць невялікая, аднак у ёй пануе дух адзінства і малітоўнага настрою. Святар падзякаваў біскупу за наведванне і адзначыў, што пастырскае благаслаўленне, якое атрымалі вернікі, стане матывацыяй, каб з яшчэ большай ахвотай імкнуцца да дасканалага жыцця, да якога кожнага запрашае Езус Хрыстус.
Кс. Юрый Марціновіч