14 мая падчас святой Імшы ў парафіяльным касцёле Св. Роха ў Грандзічах біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі і старэйшых парафіян. Сакрамэнтам хрысціянскай сталасці былі ўзбагачаны таксама вернікі парафіі Св. Казіміра ў Путрышках.
Канфірмацыя – сакрамэнт, праз які тыя, хто ўжо быў ахрышчаны, атрымліваюць праз намашчэнне чала і ўскладанне рукі біскупа дар самога Духа Святога, а таксама абавязуюцца як сапраўдныя сведкі Хрыста пашыраць і абараняць веру словам і дзеяннем.
Менавіта да гэтага заахвоціў падчас Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч тых, хто ў гэты дзень прымаў дары Духа Святога, каб яны былі “адважнымі рыцарамі Езуса Хрыста” і былі здольныя штодзённа даваць сведчанне сваёй прыналежнасці да Касцёла.
Аляксандра Кісялеўская, якая прыняла сакрамэнт канфірмацыі, у размове з grodnensis.by адзначае, што гэта была выключная хвіліна ў яе жыцці, да якой яна старалася як найлепей падрыхтавацца. Аляксандра дасканала ўсведамляе тое, што Дух Святы патрэбны чалавеку, каб быць сведкам у сучасным свеце.
“Сёння Езус Хрыстус падарыў мне асаблівую моц Святога Духа, тым самым умацаваў маю веру. Дзякуй Богу за гэты дар, які дапаможа мне далей сведчыць аб маёй веры. Дзякуй нашым ксяндзам Віктару і Генрыху, а таксама сястры Ядвізе, за тое, што падрыхтавалі нас да гэтай падзеі. Дзякуй біскупу за тое, што ўмацаваў нас гэтым сакрамэнтам”, - дадае дзяўчына.
Вынікам сакрамэнту канфірмацыі з’яўляецца сыходжанне Духа Святога, ідэнтычнае таму, якое мела месца ў дзень Пяцідзясятніцы. Тыя, хто пакідалі парафіяльны Вячэрнік у Грандзічах, якім у гэты дзень стаў касцёл, выходзілі з адвагай і ўмацаваныя ў веры, каб быць сведкамі Уваскрослага Пана сёння і заўтра, дома і ў школе, як у прыватным, так і ў грамадскім жыцці.
Кс. Юрый Марціновіч