6 мая ў семінарыйна-парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Апосталаў у Алтажаве (Польшча) Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне васьмі дыяканам з Таварыства каталіцкага апостальства (палатыны), сярод якіх быў дыякан Сяргей Більдзіс SAC з Воранава (Гродзенская дыяцэзія). Пасвячэнне прынялі шэсць палякаў, адзін беларус і адзін украінец.
У Імшы ўдзельнічалі амаль 100 дыяцэзіяльных і манаскіх святароў. Сярод канцэлебрантаў былі між іншым настаяцелі супольнасці палатынаў, а таксама выкладчыкі семінарыі, пробашчы родных парафій дыяканаў, прымаючых пасвячэнне. Прысутнічалі і сем’і новых палатынскіх святароў.
На заканчэнне літургіі кс. Адрыян Гальбас SAC, правінцыйны настаяцель Правінцыі Звеставання Пана, выказаў падзяку кардыналу, душпастырам парафій новапрэзбітэраў, фарматарам алтажаўскай супольнасці і сем’ям новых святароў. Звяртаючыся да іх бацькоў, ксёндз Гальбас сказаў: “Мы, палатыны, застаемся вам вечна ўдзячныя за дар вашых сыноў для Касцёла”.
У сваю чаргу кардынал Казімір Ныч падзякаваў супольнасці палатынаў за 90 гадоў служэння ў Варшаўскай архідыяцэзіі. Іерарх адзначыў, што “далейшы выхад на перыферыі патрэбны, каб шукаць тых, якія не былі яшчэ знойдзены”, і дадаў: “Мы павінны моцна дзякаваць за тых пакліканых, якіх маем. Але гэтымі лічбамі мы не можам задаволіцца. Патрэбна малітва аб новых пакліканнях”.
Дыяканы рыхтаваліся да прэзбітэрскага пасвячэння праз фармацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Таварыства каталіцкага апостальства ў Алтажаве.
Непасрэдна перад урачыстасцю яны ўдзельнічалі ў рэкалекцыях, якія працягваліся некалькі дзён.
Першым этапам палатынскай фармацыі з’яўляецца пастулат, які працягваецца месяц. Затым ідзе навіцыят, што трывае два гады, пасля першага з якіх адбываецца прыняцце духоўнай вопраткі. Пасля другога года навіцыі складаюць першыя часовыя (на перыяд 1 года) абяцанні. Яны даюць абяцанні чысціні, убоства, паслухмянасці, трываласці, супольнасці дабротаў і духу служэння.
Фармацыя ў палатынскай семінарыі працягваецца 6 гадоў, гэта філасофска-тэалагічнае навучанне. Перад пачаткам апошняга года фармацыі навучэнцы складаюць вечныя абяцанні, а затым прымаюць дыяканскае пасвячэнне.
Заканчэннем семінарыйнай фармацыі з’яўляецца прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля якога новыя святары скіроўваюцца да душпастырскага служэння на пляцоўках, якімі кіруе Таварыства каталіцкага апостальства ў Польшчы і ва ўсім свеце.
Павел Дрэма SAC