Skip to main content

У Навагрудку стартавалі ХХIV Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі

ddm paczatak  106 мая ў Навагрудку пачаліся XXIV Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Маладых людзей разам з іх душпастырамі і кансэкраванымі асобамі гасцінна прымае парафія Св. Міхала Арханёла, сёстры назарэтанкі, а таксама мясцовыя адукацыйныя ўстановы.

Моладзь з’ехалася з розных бакоў Гродзенскай дыяцэзіі, каб разам перажыць незабыўныя хвіліны з Богам і Яго Маці Марыяй. Гэта своеасаблівае свята маладых людзей, якія прыбываюць, каб сведчыць аб сваёй прыналежнасці да Касцёла.

Сярод удзельнікаў сустрэчы ёсць прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Прысутнічае і група студэнтаў з Нігерыі, якія вучацца ў гродзенскіх ВНУ. У цэлым у сустрэчы ўдзельнічае каля 1500 чалавек.

Звяртацца да Найсвяцейшай Панны Марыі

Сёлетнія Дні моладзі праходзяць пад дэвізам "Вялікія рэчы ўчыніў нам Бог праз Марыю". Праз гэтыя словы арганізатары хочуць паказаць маладым людзям, якую вялікую ролю ў іх жыцці павінна адыгрываць Найсвяцейшая Панна Марыя.

“Трэба нястомна памятаць, што праз Марыю мы ідзём да Езуса, які павінен стаць Панам жыцця кожнага чалавека. Мы хочам паказаць маладым людзям вялікую патрэбу штодзённага звароту да Маці Божай”, - адзначае кс. Антоні Грэмза, арганізатар дыяцэзіяльных дзён моладзі. Па словах святара, служыць лепшаму набліжэнню маладым людзям асобы Найсвяцейшай Маці будзе праца ў групах, падчас якой удзельнікі разам са святарамі і сёстрамі законнымі будуць разважаць над цнотамі Панны Марыі і над тым, чаму трэба вучыцца ад Яе.

Многія маладыя людзі прыехалі на дыяцэзіяльную сустрэчу ўжо не ў першы раз. Аляксей Ціхан з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа дзеліцца, што ў ДДМ удзельнічае чацвёрты раз і “кожны раз як першы”. “Калі я ў першы раз паехаў на Дні моладзі ў Гродна, я спазнаў атмасферу з’яднання і блізкасці з Богам. Ён зрабіў мяне мацнейшым і даў магчымасць да Яго наблізіцца. ДДМ – гэта выдатная магчымасць быць побач з Богам, бачыць такіх жа, як я, якія праслаўляюць нашага Пана”, - дадае Аляксей.

Паставіць Бога ў цэнтры жыцця

Вераніка Санчук з парафіі ў Сапоцкіне адзначае, што “ніхто не яднае нас так моцна, як сумесна малітва і праслаўленне Пана”. “Дні моладзі нашай дыяцэзіі для мяне – гэта ўмацаванне веры. Калі ты ходзіш ва ўніверсітэт і кожны дзень падобны да папярэдняга, ты становішся слабым у веры, а гэтыя дні для мяне з’яўляюцца зарадам у духоўным сэнсе”, - кажа Вераніка, а таксама прызнаецца, што прыязджае сюды адным чалавекам, а ад’язджае іншым.

Удзельнікаў Дзён моладзі чакае насычаная праграма: супольная малітва, канферэнцыі, праца ў групах, канцэрты гуртоў "Ave", "Open" i "Laudans". Маладыя людзі ехалі на сустрэчу з пазітыўным настроем і з чаканнем, што Бог у сваёй дабрыні напоўніць іх сэрцы сапраўднай радасцю, каб, вярнуўшыся потым дадому і на месцы вучобы, яны маглі сведчыць аб Яго вялікай любові да чалавека.

ddm paczatak  13

Пры падрыхтоўцы свята працавала шмат людзей. У спраўным правядзенні запланаванай праграмы дапамагаюць каталіцкія скаўты і валанцёры. Валанцёр Віялета Чарнецкая з навагрудскай парафіі прызнаецца, што прыняцце ўдзельнікаў ДДМ у яе горадзе – гэта вялікі прэстыж і вялікая адказнасць. “Пастаянныя сустрэчы, сходы, абмеркаванні розных арганізацыйных пытанняў, апошні дзень быў самым цяжкім – мы займаліся падрыхтоўкай амаль да чатырох раніцы”, - кажа Віялета, дадаючы, што ўсё гэта рабілася на хвалу Бога.

“ДДМ для мяне – гэта сустрэча з усёй моладдзю, якая аб’яднана адной мэтай”, - дадае Віялета.

Маладыя людзі нецярпліва чакалі гэтай сустрэчы. Раман Тамашэвіч з лідскай парафіі Святой Сям’і заўважае, што вельмі прыемна сустрэць знаёмыя твары, бачыць усмешкі людзей і іх узнятыя ў праслаўленні Бога рукі. “Тут ніхто цябе не асудзіць, а падтрымае. Тут усе мы аднолькавыя, усе імкнёмся да адной мэты, якой з’яўляецца жыццё з Богам”, - дадае Раман.

Хочацца пажадаць, каб ХХІV Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ўмацавалі веру маладых людзей Касцёла і навучылі іх вельмі часта звяртацца ў патрэбах душы і цела да Найсвяцейшай Маці, вучачыся ад Яе святасці.

Вiкторыя Бурч, кс. Юрый Марціновіч

Фота: VS