30 красавіка дзеці і моладзь парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Сапоцкіне прадставілі містэрыю „Мой Хрыстус зламаны”.
Вернікі, якія ў гэты вечар сабраліся ў мясцовым Доме культуры, мелі магчымасць пабачыць падрыхтаванае моладдзю прадстаўленне, а найперш сустрэцца з Хрыстом. Таксама гэта быў час асаблівага роздуму над сваім хрысціянскім жыццём. Кожны з прысутных мусіў адказаць сабе на пытанне, ці бачыць ён Хрыста ў бедных, зняволеных залежнасцямі, брудных, жабраках. Гледачам было прапанавана задумацца, ці стараюцца яны ўбачыць твар Хрыста там, дзе ёсць убоства, матэрыяльная і духоўная нястача.
Такім чынам, зламаны Хрыстус заклікаў кожнага стаць Яго рукамі, нагамі, вуснамі і дзяліцца Ім з кожным чалавекам.
„Ніхто не можа мець Хрыста толькі для сябе. Адзіным спосабам валодання Ім з’яўляецца дзяленне Ім з іншымі”, - з такімі словамі звярнуліся да ўсіх сабраных на прадстаўленні маладыя акцёры.
Пасля тэатральнай пастаноўкі пробашч сапоцкінскай парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў дзецям і моладзі за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы містэрыі, а сёстрам законным з Супольнасці Дачок Маці Божай Балеснай (серафітак) за арганізацыю рэпетыцый.
Кс. Юрый Марціновіч