30 красавіка ў лідскім фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа сабраўся вялікі натоўп людзей з нагоды прыміцыйнай Імшы ксяндза Анджэя Ганчара, які паходзіць з гэтай парафіі.
Святары, семінарысты, літургічная служба і большасць вернікаў з новапрэзбітэрам прайшлі ад плябаніі да касцёла, дзе ксяндза Анджэя чакаў пробашч парафіі кс. Уладзімір Гуляй.
Па дарозе новапрэзбітэр ушанаваў малітвай каля магілы памяць былога пробашча - ксяндза Станіслава Роека. На Імшу прыбыло каля 20 святароў, у тым ліку двое з Казахстана. Гамілію прамовіў галоўны рэдактар газеты "Каталіцкі веснік" ксёндз Віктар Місевіч, які таксама паходзіць з гэтай парафіі.
У разважаннях кс. Місевіч закрануў тэму Эўхарыстыі, службы, а таксама аспект святарства, звярнуўся да гісторыі нашага народа і асабліва лідскай зямлі. Гаворачы аб сімвалах Лідчыны, святар пажадаў новапрэзбітэру, каб ягоны голас пры абвяшчэнні Евангелля быў такім моцным, як магутны рык ільва.
Перад благаслаўленнем прыміцыянт пачуў шмат цёплых слоў у віншаваннях ад пробашча, моладзі, дзяцей (апранутых як анёлы), касцёльнага камітэту, розных малітоўных груп. Ксёндз Анджэй выказаў шчырыя словы падзякі бацькам, пробашчу, святарам, семінарыстам, парафіянам і ўсім астатнім.
Пасля адбыўся пасілак для гасцей, які музычна суправаджаў гурт "Міласць".
Прэзбітэрскае пасвячэнне кс. Анджэй Ганчар прыняў 29 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Пасвячэнне ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Томаш Мікалайчык