30 красавіка а 12 гадзіне ў касцёле імя св. Францішка Ксаверыя ў Гродне кс. Андрэй Белаблоцкі цэлебраваў прыміцыйную св. Імшу. Павіншаваць маладога ксяндза прыбылі святары, навучэнцы гродзенскай ВДС, родныя, моладзь і парафіяне.
Гамілію падчас літургіі прамовіў кс. Віктар Ханька - пробашч парафіі ў Мастах. "Святар — гэта сведка веры. І з гэтага часу ты ім з’яўляешся. Дзякуй табе, што выбраў гэты няпросты шлях. Памятай, што дар святарства - гэта не на адзін дзень, і не на год", - звярнуўся святар да кс. Андрэя.
Кс. Віктар таксама пажадаў новапрэзбітэру, каб ён заўсёды меў добрыя адносіны з Богам, і каб яны ніколі не згасалі.
На заканчэнне набажэнства кс. Андрэй Белаблоцкі ўдзяліў бласлаўленне святарам, семінарыстам, бацькам i ўсім прысутным, а таксама папрасіў аб малітоўнай падтрымцы ў святарскім служэнні.
Пасля св. Імшы адбылася сустрэча прыміцыянта з парафіяльнай супольнасцю і запрошанымі гасцямі.
Вольга Сяліцкая