Skip to main content

Рэкалекцыі перад прэзбітэрскім пасвячэннем перажываюць два дыяканы ў Карэлічах

dyjakany 123 красавіка два дыяканы, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, распачалі рэкалекцыі перад прэзбітэрскім пасвячэннем.

Духоўныя практыкаванні, якія праводзіць а. Юрый Саковіч OSPPE, праходзяць у парафіі Маці Божай Няспыннай Дапамогі ў Карэлічах.

dyjakany 2

Падчас рэкалекцый, якія працягнуцца да раніцы 28 красавіка, дыяканы Андрэй Белаблоцкі і Анджэй Ганчар разважаюць аб сваім пакліканні, а таксама ў цішыні і засяроджанні рыхтуюцца да дня прэзбітэрскіх пасвячэнняў і свайго служэння на ніве Пана. 

Пасвячэнне дыяканам удзеліць 29 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Пачатак святой Імшы ў 10.00.

У 2016 годзе будучыя прэзбітэры па ўласным жаданні пабывалі на місіях – дыякан Белаблоцкі ў Бразіліі, а дыякан Ганчар у Афрыцы.

dyjakany 3

У Каталіцкім Касцёле існуе трывалая традыцыя, што кандыдаты, якія рыхтуюцца прыняць пасвячэнні да аднаго з трох узроўняў святарства (дыяканату, прэзбітэрату або біскупства), непасрэдна перад самымі пасвячэннямі павінны прыняць удзел у спецыяльных духоўных практыкаваннях.

Кс. Юрый Марціновіч