Skip to main content

Імша Хрызма ў Гродне: святар павінен быць бэтлеемскай зоркай, якая вядзе людзей да Хрыста

hryzma u katedre 513 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якая з’яўляецца выразам еднасці і супольнасці духавенства дыяцэзіі.

На Імшу ў катэдру – "маці" касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі - прыбылі, каб супольна дзякаваць Езусу Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу, дыяцэзіяльныя і законныя святары, якія нясуць служэнне ў розных парафіяльных супольнасцях Гродзеншчыны.

Усе сабраліся вакол цэнтральнага алтара дыяцэзіі, каб разам са сваім ардынарыем біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам i дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім дзякаваць за дар святарства.

Звязаць усё сваё жыццё з Хрыстом

Агарнуць малітвай святароў i падзякаваць ім за штодзённае, так патрэбнае свету служэнне прыбыло ў катэдральны касцёл шмат вернікаў, якія дзякавалі Богу за сваіх душпастыраў, з чыёй дапамогай могуць карыстацца з сакрамэнтальнага жыцця Касцёла.

Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі Гродзенскі ардынарый нагадаў, што кожны святар, на моцы атрыманага сакрамэнту пасвячэнняў, па волі Хрыста ўдзельнічае ў “місіі” Сына Чалавечага. Біскуп нагадаў, што святарства Хрыстова па сваёй прыродзе мае характар служэння і з’яўляецца дарам Уваскрослага Езуса для ўсяго Касцёла.

„Сёння ўся супольнасць Касцёла дзякуе за гэты цудоўны дар святарства, бо кожны святар з людзей узяты і да людзей пасланы. Mы, святары, ніколі не перастанем захапляцца гэтым дарам”, – дадаў біскуп Кашкевіч.

Іерарх адзначыў, што “быць святаром – гэта значыць звязаць усё сваё жыццё з Хрыстом, зрабіць яго сваім Настаўнікам і Кіраўніком, найвышэйшым Аўтарытэтам і найбліжэйшым Сябрам”.

Біскуп Гродзенскі адзначыў, што кожны святар, каб выканаць заданне, якое перад ім ставіць Хрыстос, павінен быць накшталт "бэтлеемскай зоркі, якая вядзе людзей да Хрыста".

Фармаваць сучаснасць і будучыню Касцёла

"Мы выканаем нашае заданне, калі не перастанем распавядаць пра Бога, калі будзем размаўляць з Ім падчас малітвы і ў цішыні адарацыі, калі штодзённа будзем жыць Евангеллем, калі будзем мудрымі і святымі, пабожнымі і разважлівымі, любячымі Хрыста і бліжніх", - дадаў іерарх.

hryzma u katedre 11

У гэты дзень прыпадала 26-ая гадавіна ўзнікнення Гродзенскай дыяцэзіі. З гэтай нагоды біскуп Кашкевіч склаў словы падзякі ўсім, хто ўтварае прэзбітэрый Касцёла на Гродзеншчыне, за штодзённы святарскі труд, за вернасць Богу і Касцёлу, за будаўніцтва Божага валадарства ў людскіх сэрцах праз абвяшчэнне Евангелля, удзяленне святых сакрамантаў, катэхізацыю, праз клопат пра бедных і хворых, а перад усім праз жыццёвае сведчанне.

"Кожны з вас мае ўласны спосаб фарміравання сучаснасці і будучыні Гродзенскага Касцёла, i я дзякую вам за гэта і прашу, каб Хрыстос шчодра вас узнагародзіў”, – дадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Біскуп падзякаваў таксама ўсім вернікам за малітву і павагу, якімі яны атачаюць сваіх душпастыраў, і заахвоціў да далейшай малітвы за духавенства, адзначыўшы, што гэтая малітва дапамагае святарам яшчэ лепш і вярней рэалізоўваць пакліканне, якім іх адарыў Хрыстос.

Падчас Імшы святары аднавілі святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстос. Таксама былі асвечаны алей хворых, алей катэхуменаў і кансэкраваны алей хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Пакачайла