Рэкалекцыі распазнання паклікання на тэму "У крыжы збаўленне..." распачаліся 7 красавіка ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На перажыванне хвілін цішыні і разважанняў над сваім жыццёвым шляхам прыехала амаль паўсотні юнакоў з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
У першы дзень сустрэчы хлопцы прынялі ўдзел у св. Імшы, мелі магчымасць бліжэй пазнаць адзін аднаго, а таксама годна падрыхтавацца да прыйсця Езуса Хрыста падчас адарацыі святога Крыжа. Адметнасцю сёлетніх рэкалекцый стала запланаваная сустрэча з дыяканам Анджэем Ганчаром, які падзеліцца з юнакамі сваім місійным досведам - будучы святар на працягу некалькіх месяцаў нёс паслугу ў дзіцячым прытулку ў Камеруне (Афрыка). На заканчэнне духоўных практыкаваннў хлопцы прымуць удзел у Крыжовым шляху і працэсіі з вербамі вуліцамі горада, збяруцца на св. Імшы ў катэдральным касцёле.
Велікапосныя рэкалекцыі распазнання паклікання сталі ўжо семінарыйнай традыцыяй. Падчас духоўных практыкаванняў кожны мае магчымасць спатакаць сапраўднага і жывога Бога, пачуць Яго прапанову і вырашыць, што з ёй рабіць. Удзельнікі рэкалекцый таксама могуць адчуць клімат семінарыйнага жыцця, паразмаўляць з клерыкамі і духоўнымі айцамі, а таксама ўзбагаціць свае веды адносна праўдаў веры і малітвы.
JM